ISW: Крэмль «адрубвае» сувязь для сваіх вайскоўцаў
- 16.03.2026, 10:13
Telegram фактычна пад забаронай.
Падаецца, што Расія ўсё ж плануе і спрабуе абмежаваць выкарыстанне Telegram у вайсковых падраздзяленнях, што можа абвастрыць бягучыя праблемы акупацыйнай арміі з сувяззю, піша амерыканскі Інстытут вывучэння вайны (ISW) у сваім новым дакладзе.
Аналітыкі ISW звярнулі ўвагу на паведамленні расійскіх «ваенкараў» пра тое, што некаторыя падраздзяленні арміі РФ змушаюць сваіх вайскоўцаў выдаляць Telegram. Гэта супярэчыць публічным заяуам асобных расійскіх чыноўнікаў пра тое, што вайскоўцам акупацыйнай арміі будзе дазволена працягваць карыстацца Telegram для падтрымкі баявых аперацый.
У той жа час адзін з вядомых расійскіх «ваенкараў» 15 сакавіка заявіў, што крыніцы на месцах паведамілі яму пра ўказанні вайскоўцам усё ж выдаліць дадатак Telegram са сваіх тэлефонаў. Гэты «ваенкар» сцвярджаў, што расійская вайсковая паліцыя правярае тэлефоны, каб упэўніцца, што вайскоўцы выдаляюць Telegram, і што расійскае ваеннае камандаванне прасоўвае дзяржаўны мэсэнджар Max у якасці альтэрнатывы.
Згаданы «ваенкар» замест гэтага паскардзіўся, што мэсэнджар Max застаецца вельмі нязручным у карыстанні, і сцвярджаў, што некаторыя падраздзяленні спецыяльнага прызначэння забаранілі выкарыстанне Max (якія менавіта — ён не ўдакладніў). Паводле яго звестак, некаторыя расійскія падраздзяленні ўсё ж выконваюць загад аб выдаленні Telegram і пераходзе на Max, тады як іншыя падраздзяленні працягваюць мець зносіны праз Telegram. Як падкрэсліваюць у ISW, гэты ж «ваенкар» выказаў здагадку, што разыходжанні ў фактычным ужыванні Telegram сведчаць пра тое, што загады, верагодна, паступаюць ад канкрэтных падраздзяленняў, але пакуль не з'яўляюцца ўвасабленнем універсальнага падыходу Міністэрства абароны Расіі.
Інстытут вывучэння вайны нагадвае, што 11 лютага крэмлёўскія чыноўнікі агучылі шэраг заяў аб адмове ад выкарыстання Telegram для сувязі на перадавой у расійскай арміі. Аднак пасля яны адступілі ад гэтых заяў пасля шырокай негатыўнай рэакцыі расійскай супольнасці «ваенкараў». Міністр лічбавага развіцця, сувязі і масавых камунікацый РФ Максут Шадаеў заявіў, што расійскія чыноўнікі не прымалі рашэнняў аб абмежаванні Telegram у вайне Расіі супраць Украіны.
Аднак, як падкрэслівае ISW, звесткі пра ўвядзенне фактычнай забароны Telegram у некаторых расійскіх падраздзяленнях супярэчаць дзеючай публічнай палітыцы Крэмля. Рашэнне некаторых падраздзяленняў забараніць Telegram можа сведчыць пра тое, што Расія ўсё яшчэ плануе забараніць Telegram на перадавой больш паўсюдна, мяркуюць аналітыкі. Яны таксама выказваюць версію, што такія крокі могуць сведчыць пра жаданне некаторых расійскіх камандзіраў заслужыць ласку Крэмля, уводзячы падобныя абмежаванні яшчэ да таго, як паступяць афіцыйныя загады ад Міністэрства абароны. Блакіроўка Telegram, верагодна, пагоршыць працу сістэмы расійскага камандавання і кіравання войскамі і абвастрыць існыя праблемы з сувяззю, з якімі расійскія войскі сутыкаюцца з моманту блакіроўкі Starlink з 1 лютага 2026 года, падкрэслівае ISW.