Найпрыгажэйшы аўтамабіль у свеце адзначае 65-годдзе
- 16.03.2026, 10:55
Гісторыя легендарнай мадэлі.
Як правіла, спартыўныя мадэлі нятанныя і вырабляюцца малымі партыямі. Аднак «Jaguar E-Type» разбурыў гэты стэрэатып: адзін з самых хуткіх аўтамабіляў свайго часу быў адносна даступным і масавым, піша «Фокус».
Гісторыя «Jaguar E-Type» пачалася напрыканцы 50-х, калі кіраўнік брытанскай кампаніі сэр Уільям Лайонс задумаўся над стварэннем пераемніка паспяховага сямейства XK. За аснову ўзялі гоначны «Jaguar D-Type», які тройчы перамагаў у Ле-Мане.
Ад «D-Type» пазычылі інавацыйны несны кузав тыпу манакок, які забяспечваў высокую трываласць пры невялікай масе, а таксама радную «шасцёрку» і дыскавыя тармазы на ўсіх колах.
Вонкавы выгляд «Jaguar E-Type» стварыў былы авіяканструктар сэр Малкальм Сэйер. Ён прымяніў прынцыпы аэрадынамікі, дзякуючы чаму спорткар атрымаўся стыльным і элегантным.
Мадэль назвалі E-Type, пазіцыянуючы як пераемніка D-Type, бо літара «E» ідзе пасля «D» у лацінскім алфавіце. У 1960 годзе вырабілі прататыпы E1A і E2A.
Прэм’ера «Jaguar E-Type» адбылася 15 сакавіка 1961 года на Жэнеўскім аўтасалоне. Аўтамабілі прайшлі амаль 1000 км за 11 гадзін сваім ходам. Двухмесныя купэ FHC і кабрыялет OTS уразілі публіку, а Энца Ферары заявіў: «Гэта самы прыгожы аўтамабіль усіх часоў!». За час выстаўкі сабралі 500 заказаў.
Новы «Jaguar E-Type» апынуўся не толькі стыльным, але і хуткім: 3,8-літровы рухавік магутнасцю 265 к. с. разганяў яго да 240 км/г і дазваляў дасягаць 100 км/г за 7,1 с.
Кошт «Jaguar E-Type» складаў 2097–2200 фунтаў стэрлінгаў ($5600–5900), што па сучасным курсе — усяго 61–64 тыс. долараў. Пры гэтым салон быў аздоблены скурай і дрэвам, а ў якасці опцый прапаноўваліся радыё і кандыцыянер.
Першапачаткова «E-Type» пастаўлялі выключна на экспарт, асабліва ў ЗША, дзе попыт быў высокі. За тры гады выпусцілі больш за 15 тыс. купэ і кабрыялетаў.
Для гонкаў у 1963 годзе выпусцілі 12 «Jaguar E-Type Lightweight» з кузавамі з алюмініевых сплаваў, якія зменшылі масу да 975 кг. Магутнасць матора вырасла да 300 к. с., максімальная хуткасць дасягнула 275 км/г. Мадэль перамагала ў аўстралійскім чэмпіянаце GT, Гран-пры Вялікабрытаніі і займала першыя месцы ў Ле-Мане і Себрынгу.
У 1964 годзе мадэрнізавалі інтэр’ер і ўсталявалі 4,2-літровы рухавік з той жа магутнасцю — 265 к. с., але з большым крутоўным момантам — 384 Н·м. Праз два гады з’явіўся падоўжаны чатырохмесны E-Type 2+2 з 3-ступеньчатым аўтаматам.
У 1969 годзе з’явіліся «Jaguar E-Type Series II» са змененымі бамперамі, за два гады выпушчана 18,8 тыс. асобнікаў. У 1971 годзе дэбютаваў «Series III» з 5,3-літровым V12 магутнасцю 275 к. с., разгон да 100 км/г за 6,4 с. У такім выглядзе выпуск працягваўся да 1975 года, пакуль яму на змену не прыйшоў Jaguar XJ-S.
Усяго за 14 гадоў вырабілі 72 515 «Jaguar E-Type», што стала ўражлівым вынікам для спорткара. Мадэль палюбілася багеме: сярод вядомых уладальнікаў — Брыжыт Бардо, Стыў Макквін, Тоні Керціс, Фрэнк Сінатра, Джордж Харысан.
«Jaguar E-Type» зняўся больш чым у 50 кінастужках. У 1996 годзе мадэль выставілі ў нью-ёркскай галерэі як твор сучаснага мастацтва, а спецыяльна створаны электрамабіль «Jaguar E-Type» стаў вясельным аўто прынца Гарры і Меган Маркл.