Беларускія вяскоўцы злавілі загадкавую жывёлу
- 16.03.2026, 11:10
Драпежнік загрыз курэй, трапіў у капкан — а раніцай таямнічым чынам знік.
Падобна, беларусам зноў паказаўся паўміфічны лясны кот. Спачатку звер залез у вясковы курнік, загрыз некалькі птушак, потым трапіў у пакінуты там капкан, а на наступны дзень таямніча знік (пакінуўшы пасля сябе пагрозлівае відэа і гару курыных пёраў). Цяпер усе гадаюць, як гэта магчыма, піша Onliner.by.
Эпапея з лясным катом цягнецца не першы год. Лічылася, што апошні беларускі экзэмпляр быў забіты паляўнічым у 1927 годзе. Пакуль у 2017‑м падобны звер не быў зафіксаваны фотапасткай у беларускай частцы Чарнобыльскай зоны (не надта выразна).
Сэрцам усе адчувалі, што гэта менавіта ён, але для фармальнага пацвярджэння таго здымка тады было недастаткова.
А 16 чэрвеня 2025 года лясны кот трапіў на барсучую фотапастку ў нацыянальным парку «Прыпяцкі». Красавіўся там з усіх каціных сілаў.
З тых часоў — як у ваду кануў, нягледзячы на спробы высочыць яго і здабыць хоць крыху біяматэрыялу для аналізу.
Залез мародзёрнічаць
Пра чарговае меркаванае з'яўленне ляснога ката нам паведаміў натураліст-аматар Юрый Малец, які сам даведаўся пра ўсё ад відавочцы. Падзеі разгортваліся ў вёсцы Дзяржынск Лельчыцкага раёна. 14 сакавіка звера выявілі ў сваім хляве мясцовыя жыхары: трапіў лапай у пакінуты капкан. Перад гэтым паспеў забіць шэсць курэй
Капкан быў прымацаваны ланцугом да вертыкальна пастаўленай жэрдкі. Пакідалі яго ў разліку на куніцу або тхора — трапіўся зусім унікальны персанаж.
Знік разам з капканам і ланцугом
Звера часова так і пакінулі ў хляве — «да высвятлення абставінаў». Гаспадары пайшлі на працу, калі вярнуліся, жэрдка ляжала на зямлі, ката не было. Кажуць, знік (разам з капканам і ланцугом) у прамежак часу з 5:30 да 7:00. Цяпер гадаюць, сам ухітрыўся ці хто дапамог.
Засталося відэа, якое дае ўяўленне пра тое, як выглядаў кот.
У «Прыпяцкім» удакладнілі нам: гэта не «іх» экзэмпляр, бачна па афарбоўцы. То бок, магчыма, лясных катоў у Беларусі ўжо больш за адзін.
Энтузіяст Малец спадзяецца, што на месцы засталіся біялагічныя сляды зніклага звера (напрыклад, шэрсць), па якіх можна будзе нарэшце фізічна пацвердзіць від жывёлы.