BE RU EN

Стратны «Газпром» цяпер выпускае халадзільнікі

  • 16.03.2026, 12:40

Кампанія спрабуе зарабіць на бытавай тэхніцы.

Завод бытавай тэхнікі Bosch пад Санкт-Пецярбургам, які цяпер знаходзіцца пад кіраваннем даччыннай кампаніі «Газпрома» — «Газпром Бытовые системы», аднавіў выпуск халадзільнікаў у маі 2025 года, піша РБК. Паводле фінансавай справаздачнасці прадпрыемства, чысты прыбытак склаў 192,5 млн руб. супраць страты ў 1,7 млрд руб. годам раней. Выручка вырасла са 100 млн да 422,4 млн руб. Да канца 2025 года прадпрыемства наладзіла вытворчасць больш як 30 мадэляў халадзільнікаў. Завод заключыў больш за 20 кантрактаў на рэалізацыю прадукцыі. Першымі пакупнікамі сталі буйныя расійскія рытэйлеры «М.Видео-Эльдорадо» і DNS, а таксама прадавец бытавай тэхнікі Weissgauff.

Прадпрыемства выпусціла больш за 30 тыс. халадзільнікаў. У 2026 годзе плануецца павялічыць вытворчасць да 100 тыс. адзінак, а ў 2027 годзе — да 220 тыс. Паралельна кампанія рыхтуецца арганізаваць выпуск пральных машын, паведаміў прадстаўнік «Газпром Бытовые системы».

Bosch спыніў вытворчасць бытавай тэхнікі ў Расіі ў 2022 годзе і ў 2024-м планаваў прадаць прадпрыемства, але здзелка не адбылася. У красавіку таго года Пуцін падпісаў указ, згодна з якім расійскія даччынныя структуры вытворцаў бытавай тэхнікі Ariston і Bosch былі перададзеныя ў часовае кіраванне «Газпром Бытовые системы». У сакавіку 2025 года Ariston Holding N.V. аднавіла кантроль над сваім расійскім актывам — ООО «Аристон Термо Русь». Завод Bosch застаецца пад кіраваннем «Газпрома», хаця на 100% належыць нямецкаму канцэрну.

Новы накірунак развіваецца на фоне праблем асноўнага бізнесу «Газпрома», заўважыў сайт The Moscow Times. Да вайны «Газпром», які пастаўляў газ у дзясяткі краін, на пачатак 2026 года меў усяго чатырох кліентаў у далёкім замежжы: гэта Венгрыя, Славакія, Турцыя і Кітай. Аб’ёмы экспарту трубаправоднага газу з Расіі трэці год запар застаюцца на мінімальных узроўнях з другой паловы 1980-х: 60 млрд кубаметраў у 2023 годзе, 81 млрд у 2024-м і 78 млрд — у 2025-м, паводле ацэнак БКС. У параўнанні з даваеннымі пікамі (200 млрд кубаметраў у 2018 годзе) экспарт «Газпрома» скараціўся амаль утрая. А пастаўкі ў Еўропу, калісьці найбуйнейшы рынак збыту, адкаціліся да ўзроўняў пачатку 1970-х: усяго 18 млрд кубаметраў летась. Кітай павялічыў закупкі газу да рэкордных 38,8 млрд кубаметраў па трубаправодзе «Сіла Сібіры», але гэтыя аб’ёмы кампенсуюць толькі пятую частку былога экспарту ў Еўрасаюз.

Апошнія навіны