BE RU EN

У Беларусі ўзмацняюць кантроль над продажамі ў інтэрнэце

  • 16.03.2026, 13:28

Прадпрымальнікам забараняюць прымаць заказы праз сацсеткі.

Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю нагадала, што гандаль у сацсетках і мэсэнджарах у Беларусі забаронены. У карыстальнікаў гэта выклікала недаўменне, аднак такія правілы дзейнічаюць ужо даўно. Эканаміст, кіраўнік праекта «Цана ўрада» Уладзімір Кавалкін расказаў у эфіры «Раніцы з Белсатам», чаму правілы менавіта такія, як яны працуюць і каму ўсё ж не патрэбны сайт пры гандлі ў інтэрнэце.

Больш кантролю і падаткаў

Паводле звестак МАРТ, найбольш рызыкоўна для пакупніка набываць што-небудзь праз сацсеткі. МУС неаднаразова паведамляў пра выпадкі, калі махляры пад выглядам крамаў падманвалі людзей — бралі грошы за неіснуючы тавар і знікалі.

МАРТ падкрэслівае, што ў прадаўца ў інтэрнэце павінен быць зарэгістраваны інтэрнэт-крама, а ў сацсетках можна толькі рэкламаваць тавары і паслугі.

«Рэкламаваць свае тавары ў TikTok або Instagram можна, а вось прадаваць — ужо не», — расказаў намеснік начальніка ўпраўлення абароны правоў спажыўцоў і кантролю за рэкламай Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю Юрый Пыр'еў.

Уладзімір Кавалкін падкрэслівае, што беларускія чыноўнікі ўзяліся за рэгуляванне інтэрнэт-гандлю ўжо вельмі даўно.

«Указ Лукашэнкі існуе з 2010 года, гэта значыць усе, хто гандлюе ў інтэрнэце ў Беларусі, павінны мець свой вэб-сайт у даменнай зоне by або бел. І ўсе павінны размяшчаць свае сайты на серверах у Беларусі, то-бок размяшчаць сваю старонку ўнутры Беларусі», — кажа Уладзімір Кавалкін.

Ён лічыць, што цяпер беларусаў «папужалі», каб не забывалі правілы.

«Вырасла новае непужанае пакаленне, якое вырашыла, што ўсё ліберальна, рыначак і гэтак далей», — адзначае Кавалкін.

Згодна з існуючымі правіламі трэба аддзяляць рэкламу ў сацсетках, якая дазволеная, ад продажу, падкрэслівае эксперт.

«Вы можаце працягваць займацца маркетынгам праз любыя сацсеткі, то-бок выкладаць свой тавар, паказваць і гэтак далей. Але вы не можаце прыняць заказ нават праз дырэкт [асабістыя паведамленні ў сацсетках. – Заўв. рэд.]. Усё, што вы можаце зрабіць, — гэта даць спасылку на сваю вэб-старонку, там аформіць заказ. Для чаго гэта робіцца? Каб збіраць падаткі і каб кантраляваць», — кажа Уладзімір Кавалкін.

Да таго ж гэта ўпісваецца ў палітыку ўладаў па стварэнні больш жорсткіх умоў для індывідуальных прадпрымальнікаў. Менавіта для іх гандаль у сацсетках быў бы вельмі зручны, бо стварэнне сайта патрабуе шмат рэсурсаў.

Будуць шукаць і караць

Пры гэтым, калі чалавек працуе як фізічная асоба або рамеснік, то ўсё ж такі гандляваць у сацсетках можна.

«Вы зрабілі нейкі хэндмэйд і хочаце прадаць. Гэта ваша ўласная праца, дык вы можаце не рабіць вэб-сайт. Або вы хочаце прадаць б/у нейкія свае рэчы. Таксама можаце гэта зрабіць праз сацсеткі», — падкрэслівае Уладзімір Кавалкін.

Тых прадпрымальнікаў і кампаніі, якія працягваюць гандляваць праз сацсеткі, будуць шукаць і караць, лічыць суразмоўца.

«І знойдуць тых людзей, якія зрабілі памылкі, якія нешта прадалі праз дырэкт», — працягвае эксперт.

На думку Кавалкіна, калі чыноўнікі ўжо больш актыўна ўзяліся за інтэрнэт-гандаль, то ў найбліжэйшы час ад замежных анлайн-пляцовак будуць патрабаваць таксама мець беларускія дамены.

«Я не кажу, што гэта дрэнна. Што можа быць дрэнна для гэтых пляцовак і для іпэшнікаў — што МАРТ пачне навязваць асартыментны пералік [абавязковы пералік тавараў, які павінен быць у шэрагу прадаўцоў, што працуюць у Беларусі. – Заўв. рэд.]. То-бок будзе пхаць [умоўна. – Заўв. рэд.] втулкі Бабруйскага завода втулкаў, касцюмы «Комінтэрна», адзенне, абутак і гэтак далей.

То-бок вы не зможаце проста рабіць свой бізнес. Вы будзеце вымушаныя цягнуць і дзяржаўны бізнес наперад», — рэзюмуе Уладзімір Кавалкін.

Апошнія навіны