BE RU EN

У Гомелі адбудуюць нанова пад’езд дома пасля выбуху газу

  • 16.03.2026, 15:31

Пашкоджаную частку шматпавярхоўкі ўжо дэмантавалі.

У Гомелі рыхтуюцца да маштабнай рэканструкцыі шматпавярховага дома на вуліцы Касарэва, які быў пашкоджаны падчас выбуху бытавога газу ў снежні мінулага года.

Дэмантаваную частку будынка адбудуюць нанова. Над вырабам канструкцый для аднаўлення пацярпелага пад’езда працуе завод буйнапанэльнага домабудавання, піша «Звязда».

Шматпавярхоўка на Касарэва ўзведзеная ў савецкі час, і таму для аднаўлення яе канструкцый, спраектаваных у 1980‑я гады, неабходна было адаптаваць старыя інжынерныя рашэнні да сучасных будаўнічых нормаў і патрабаванняў бяспекі, у тым ліку нарматываў па трываласці і марозаўстойлівасці.

— Наша галоўная мэта — забяспечыць будаўніцтва якаснымі матэрыяламі, і мы ўжо справіліся з гэтай няпростай задачай. На заводзе, у канструктарскім аддзеле, мы перапрацавалі ўсю тэхналагічную дакументацыю, каб адаптаваць яе пад наша вытворчасць. Было няпроста, бо гэтыя вырабы істотна адрозніваюцца ад таго, што мы звычайна выпускаем. У іх іншая таўшчыня і спецыяльная падвеска па перыметры. Але дзякуючы гібкасці нашай вытворчай лініі мы можам сфармаваць практычна любы выраб у межах памераў паддона, — патлумачыў начальнік фармовачнага цэха «Гомельскага ДСК» Дзмітрый Загорэц.

Спецыялістам удалося адаптаваць і пліты перакрыццяў. Цяпер, пасля адмысловых маніпуляцый, яны прыдатныя для мантажу ў пашкоджанай шматпавярхоўцы, «праапгрэйдзілі» і сценавыя панэлі. Яны трохслаёвыя, з цеплаізаляцыяй пасярэдзіне і цалкам «унутраныя» ў савецкім доме. У цэлым прадпрыемства наладзіла выпуск усіх «старых новых» элементаў, патрэбных для аднаўлення дома. Цяпер ім, элементам, неабходна прайсці выпрабаванні ў акрэдытаванай лабараторыі і ўжо на практыцы даказаць сваю гатоўнасць служыць людзям верай і праўдай.

Надзвычайная сітуацыя ў дзесяціпавярховым доме на вуліцы Касарэва ў Гомелі адбылася 17 снежня. Папярэдняй прычынай была названа ўспышка газапаветранай сумесі ў кватэры на сёмым паверсе. У выніку абрынуліся пліты перакрыццяў кватэр. Была праведзеная аператыўная эвакуацыя жыхароў.

«Эпіцэнтрам выбуху была кухня кватэры № 107. Выбуху папярэднічаў працэс узгарання, які ўзнік у кухоннай шафцы каля газавай пліты», — патлумачыў па выніках расследавання начальнік УСК.

Пазней высветлілася, што загінула жанчына. Яе цела знайшлі пры разборы будаўнічых канструкцый. Жыхары пацярпелага пад’езда былі пераселеныя.

Апошнія навіны