У Польшчы каля мяжы з Беларуссю знайшлі абломкі лятаючага аб'екта
- 16.03.2026, 17:34
На месцы працуюць паліцыя, вайскоўцы і пажарныя.
У Польшчы, у лесе каля вёскі Кшывовежбы недалёка ад мяжы з Беларуссю і Украінай знайшлі абломкі лятаючага аб'екта невядомага тыпу. Пра гэта паведаміла мясцовая паліцыя.
«На месцы выяўлення абломкаў невядомага лятаючага аб'екта праводзяцца мерапрыемствы. Пра яго знаходку сёння раніцай паведаміў паліцыянтам з Уладавы жыхар гміны Вырыкі», — паведамілі ў паліцыі.
Пра знаходку былі паведамленыя адпаведныя службы. Паліцыя, пажарная служба і вайскоўцы забяспечваюць ахову месца здарэння.
Вайсковая жандармерыя Польшчы заявіла, што абломкі могуць быць часткамі «саюзніцкай ракеты».
«Аддзел Вайсковай жандармерыі ў Любліне праводзіць працэсуальныя дзеянні, звязаныя з выяўленнем паветранага аб'екта ў населеным пункце Кшывовежба. Паводле папярэдніх звестак, гэта могуць быць абломкі саюзніцкай ракеты, выкарыстанай для збіцця дрона ў верасні мінулага года», — паведамілі ў жандармерыі.