У Беларусі 17 сакавіка захаваецца цёплае надвор’е
- 16.03.2026, 19:52
Без ападкаў.
У аўторак, 17 сакавіка, у Беларусі захаваюцца звыклыя апошнімі днямі пагодныя ўмовы: будзе прахалодна ўначы і цёпла ўдзень. Пра гэта паведамілі ў Рэспубліканскім цэнтры па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя Мінпрыроды.
Прагназуецца пераменная воблачнасць. Пераважна без ападкаў. У начныя і ранішнія гадзіны мясцамі слабы туман, па паўночна-ўсходняй палове на асобных участках дарог галалёдзіца. Вецер неўстойлівы, 3–8 метраў у секунду. Тэмпература паветра ўначы будзе вагацца ў межах ад -4 °С на ўсходзе да +4 °С на захадзе, а ўдзень сіноптыкі абяцаюць 9–15 градусаў цяпла, мясцамі на ўсходзе будзе +7… +8 °С.
У сераду, 18 сакавіка, пераменная воблачнасць. Пераважна без ападкаў. Уначы і раніцай у асобных раёнах слабы туман і галалёд, на дарогах галалёдзіца. Вецер неўстойлівы, 3–8 метраў у секунду. Тэмпература паветра ўначы складзе -4… +3 °С, а ўдзень будзе ад +6 °С на ўсходзе да +14 °С на захадзе.
У чацвер, 19 сакавіка, воблачна з праясненнямі. Пераважна без ападкаў. Уначы і раніцай у асобных раёнах слабы туман і галалёд, на дарогах галалёдзіца. Вецер пераменных напрамкаў, 4–9 метраў у секунду. Тэмпература паветра ўначы -4… +3 °С, удзень +7… +14 °С.