Гамяльчук задрамаў у аўтобусе са шчанюком на руках і стаў зоркай сацыяльных сетак
- 16.03.2026, 21:55
Відэа.
Відэа апублікавалі некалькі дзён таму. У кадры — пасажыр гарадскога аўтобуса ў Гомелі. Мужчына не бачыць, што яго здымаюць, бо заснуў, але шчанюк у яго на руках не спіць, заўважылі «Сильные новости».
Гэта ўсё, што адбываецца ў роліку, аднак ён спадабаўся карыстальнікам пляцоўкі, і яго пачалі актыўна каментаваць. Паставілі ўпадабанне больш за сто тысяч чалавек, а паглядзелі яго каля мільёна разоў.
У каментарах — суцэльнае замілаванне. Усім спадабаліся мужчына і яго маленькі гадаванец: нехта выказаў здагадку, што пара едзе з дачы. Маўляў, мужчына напрацаваўся і задрамаў, не даехаўшы дадому, а малое, як надзейны сябар, ахоўвае яго сон.
Пазней выданне Times.by напісала, што ў кадры — Міхаіл Кавалёў, вядомы гамяльскі аніматар. Звычайна ён ездзіць на ровары, але днямі прабіў камеру і быў вымушаны ехаць з дачы аўтобусам.
«За дзень так напрацаваўся на дачы, што заснуў і не заўважыў, што мяне здымаюць, — расказаў Міхаіл. — Да аўтара відэа прэтэнзій няма, наадварот, усё атрымалася душэўна. Пазітыўных каментарыяў шмат, і гэта радуе».
Яго шчанюка завуць Ірыска. Гэта дзяўчынка, ёй тры месяцы. Пры тым з Міхаілам малеча ўсяго другі дзень.