BE RU EN

Расійскі рубель упаў да шматмесячных мінімумаў

  • 16.03.2026, 23:38

Нягледзячы на рост коштаў на нафту.

Расійскі рубель зніжаецца пяты тыдзень запар, нягледзячы на імклівы рост коштаў на расійскую нафту, якая ў партах РФ прадаецца даражэй за $70 за барэль, а ў індыйскіх — амаль па $100.

На Маскоўскай біржы ў панядзелак курс юаня да рубля дасягнуў максімуму з пачатку верасня мінулага года — 11,84 рубля за юань. Паза біржай курс долара дасягаў 81,51 рубля — найвышэйшага значэння з канца снежня, а еўра ўпершыню са студзеня перавысіў адзнаку 93 рублі. З пачатку сакавіка рубель страціў 6% да кітайскай валюты, 5% — да амерыканскай і 2,5% — да еўрапейскай і завяршыў у мінусе чатыры тыдні запар, чаго рынак не бачыў ні разу за апошнія паўгода, перадае The Moscow Times.

Рубель слабея з-за скарачэння падтрымкі курсу з боку дзяржавы, адзначае аналітык Freedom Finance Уладзімір Чарноў. 4 сакавіка Мінфін прыпыніў продаж валюты з ФНБ паводле «бюджэтнага правіла», каб зберагчы рэшткі фонду, адкуль з пачатку вайны на латанне бюджэтных «дырак» улады забралі дзве траціны ліквідных актываў.

«Фактычна спыненне гэтых аперацый азначае, што рынак страціў частку рэгулярнай прапановы валюты з боку дзяржавы, — тлумачыць Чарноў. — Паводле папярэдніх ацэнак удзельнікаў рынку, сукупная прапанова замежнай валюты можа скараціцца прыкладна на 200 млрд рублёў, што аўтаматычна ўзмацняе ціск на рубель і павышае валатыльнасць курсу».

«Фундаментальная прычына — у тым, што моцны рубель дрэнна спалучаецца з хранічным дэфіцытам расійскага бюджэту», — адзначае Андрэй Хохрын, генеральны дырэктар «Іволга Капітал». У студзені–лютым урад выдаткаваў амаль у два разы больш, чым сабраў у выглядзе падаткаў (8,2 трлн рублёў супраць 4,8 трлн), а «дзірка» ў казне за два месяцы амаль дасягнула запланаванага на год ліміту (3,5 трлн рублёў супраць 3,8 трлн).

«Дадатковы ціск на рынак аказвае геапалітыка: новы раўнд перамоў па Украіне зноў адкладзены, а тэрміны наступнай сустрэчы застаюцца нявызначанымі», — зазначае аналітык «Фінама» Дзмітрый Лазавы. У панядзелак кіраўнік МЗС РФ Сяргей Лаўроў заявіў, што Кіеў прадэманстраваў нягатоўнасць да перамоў, а Расія мае намер «дабівацца сваіх мэтаў на зямлі». Гэта «ўзмацніла негатыўныя настроі», канстатуе Лазавы.

Калі цэны на нафту застануцца высокімі доўга, то Мінфін у адпаведнасці з бюджэтным правілам пачне скупляць валюту для папаўнення ФНБ, а гэта яшчэ больш аслабіць рубель — да 90–95 за долар, прагназуе эканаміст Юрый Казлоў.

«Мы ўваходзім у перыяд „новага рэалізму“, калі дзяржава выбірае папаўненне ФНБ і балансаванне бюджэту цаной больш слабога рубля», — тлумачыць ён.

Апошнія навіны