У Навасібірскай вобласці РФ увялі рэжым надзвычайнай сітуацыі пасля пратэстаў фермераў
- 17.03.2026, 2:58
У фермераў масава канфіскуюць хатнюю жывёлу.
У Навасібірскай вобласці ўведзены рэжым надзвычайнай сітуацыі ў сувязі са ўспышкамі шаленства і пастэрэлёзу сярод хатняй жывёлы. Пра гэта кіраўнік рэгіянальнага Мінсельгаса Андрэй Шындзелаў абвясціў 16 сакавіка, праз тыдзень пасля пачатку народных выступленняў супраць масавага забою жывёл. Па словах міністра, рэжым НС быў уведзены яшчэ 16 лютага, і ўлады прымаюць меры «па лакалізацыі, купіраванні асабліва небяспечнай хваробы», што прыносіць «вельмі вялікую карысць». Канфіскацыя і знішчэнне хатняй жывёлы ў навасібірскіх фермераў пачалося на пачатку сакавіка, як заяўлялі ў рэгіянальным Мінсельгасе, з-за ўспышкі шаленства. Улады заклікалі вакцынаваць жывёл і абяцалі «ў абавязковым парадку» выплаціць кампенсацыю. Заяўлялася, што з пачатку года ў рэгіёне было зафіксавана 42 ачагі шаленства, а каранцін абвяшчалі ў пяці раёнах, перадае The Moscow Times.
Актывісты, нязгодныя з дзеяннямі ўладаў, у сваю чаргу паведамлялі, што масавыя выпадкі знішчэння сельскагаспадарчых жывёл пачаліся яшчэ ў лютым. Паводле звестак канала «Аграрны савет», дзе апублікаваны калектыўны зварот у абарону хатняй жывёлы, паведамляецца, што па стане на сакавік 2026 года ў Навасібірскай вобласці было забіта 2000 галоў (у вёсках Казіха, Новаключы, Лукошына, Каліноўка). Усяго з пачатку года, паводле сцвярджэнняў пратэстоўцаў, знішчылі ўжо 5800 жывёл (таксама ў Омскай і Пензенскай абласцях і Рэспубліцы Алтай). Гэта «стаўіць пад пагрозу харчовую бяспеку Расіі і парушае канстытуцыйныя правы ўласнікаў», заявілі аўтары звароту.
Выступленні супраць адʼёму жывёл пачаліся яшчэ 7 сакавіка: у вёсцы Новапічугаве жыхары, нязгодныя з дзеяннямі ўладаў, блакіравалі дарогу спецтэхніцы, каб не дапусціць знішчэння кароў. Падобныя акцыі затым пракаціліся па іншых паселішчах рэгіёна. Вяскоўцы, для якіх жывёлы — адзіная крыніца даходу, абураліся, што жывёлу адбіраюць без правядзення аналізаў, хоць каровы выглядаюць здаровымі.
Пасля гэтага жыхары вёскі Казіха Ардынскага раёна запісалі зварот да кіраўніка Следкама Аляксандра Бастрыкіна і прэзідэнта Уладзіміра Пуціна са скаргамі на дзеянні ўладаў. СК арганізаваў праверку па факце магчымых парушэнняў з боку чыноўнікаў (па артыкуле аб нядбайнасці).
Аднак ужо з 11 сакавіка, як пісаў Mash, паліцыя пачала затрымліваць пратэстуючых жыхароў, якія перакрывалі дарогі і адмаўляліся прапускаць тэхніку для знішчэння, як сцвярджаюць улады, заражаных жывёл. Сярод затрыманых аказаліся, у тым ліку, журналісты, што асвятлялі народныя выступленні.
«Нам устанавілі абмежаванні: адзін выезд з вёскі, адзін уезд. Астатнія — заблакіравалі, засыпалі снегам. Мы нікому не дазволім спальваць здаровых кароў. Зрабіце аналізы. Мы закладнікі, нас знішчаюць. Нікога ў вёску не ўпусцім. Толькі праз нас. Тады і нас спальвайце разам з каровамі», — заяўлялі жыхары рэгіёна.
Па словах аднаго з удзельнікаў сельгасрынку, пастэрэлёз, пра ўспышку якога заяўляюць улады, «не надта небяспечны і не прадугледжвае істотных мер па забоі жывёлы». А вось яшчур уяўляе істотныя рызыкі.