«Неадэкваты!»: Беларусы гнеўна разносяць брэсцкіх «дэпутатаў»
- 17.03.2026, 12:49
Паказуха ад мясцовых прызначэнцаў скончылася пашкоджаннем помнікаў.
Жыхар Брэста 15 сакавіка наведаў Трышынскія могілкі і застаўся ў шоку ад убачанага: пашкоджаныя помнікі, купа непрыбраных галінак і распіленых дрэў. Пры гэтым 14 сакавіка ў межах месячніка па добраўпарадкаванні так званыя гарадскія дэпутаты прыводзілі гэты некрапаль да ладу, — піша BGmedia.
Жыхары горада ў каментарыях не хаваюць свайго абурэння:
«Адбярыце ў гэтых неадэкватаў пілу! Кладбішча належыць да гістарычных каштоўнасцей горада!»
««Гэта абуральна. Дакладна так жа пілавалі на каталіцкіх могілках, разбілі мноства помнікаў. Няўжо гарадскім уладам няма да гэтага справы!? (відавочна, на жаль, што няма)».
«Продкі незадаволеныя сваімі нашчадкамі».
«Рука*жапы».
«Геніяльныя кіраўнікі і таленавітыя выканаўцы. Гэта нейкі сорам…»
У геаграфічным цэнтры Брэста знаходзіцца найстарэйшы з захаваных у горадзе некрапаляў — Трышынскія могілкі, дзе спачываюць каля 12 тысяч чалавек. Пагост стаў агульнагарадскім у 1830‑я гады, калі стары Брэст быў знесены і перанесены на ўсход дзеля будаўніцтва Брэсцкай крэпасці. Найстарэйшае з захаваных тут надмагілляў датуецца 1834 годам. Афіцыйна могілкі былі закрытыя для пахаванняў у 1969 годзе.
За сваю гісторыю могілкі сталі месцам спачыну многіх выбітных людзей. Акрамя таго, на тэрыторыі некрапаля былі перапахаваныя парэшткі больш як ста вязняў Брэсцкага гета, а таксама спачываюць жаўнеры царскай і германскай армій.
З 2 жніўня 2016 года Трышынскі некрапаль надзелены статусам гісторыка-культурнай каштоўнасці рэгіянальнага значэння і ахоўваецца дзяржавай.
Нягледзячы на высокі статус, многія ўнікальныя дарэвалюцыйныя надмагіллі імкліва руйнуюцца. Сур'ёзную шкоду нанеслі вандалы і «чорныя капальнікі», якія дзесяцігоддзямі кралі чыгунныя элементы, крыжы і агароджы, каб здаваць на металалом. На дадзены момант бюджэтных сродкаў на паўнавартасную рэстаўрацыю помнікаў няма.