На ўчастку трасы М1 з'явіліся лазеры
- 17.03.2026, 10:41
Уздоўж дарогі цяпер будуць праецыравацца чырвона-зялёныя прамяні.
На адным з ўчасткаў трасы М1 Брэст — Мінск — мяжа Расіі ў тэставым рэжыме пачала працаваць лазерная сістэма святлавога апавяшчэння, паведамілі ў Мінтрансе.
Прынцып працы тэхналогіі заключаецца ў праецыраванні ўздоўж дарогі чырвона-зялёных лазерных прамянёў. Яны ствараюць візуальныя арыенціры для кіроўцаў, дапамагаюць лепш арыентавацца на дарозе і падтрымліваць канцэнтрацыю ўвагі ва ўмовах дрэннай бачнасці. Акрамя таго, святлавыя сігналы прызваны зніжаць рызыку засынання за рулём падчас працяглых паездак.
Лазернае абсталяванне ўсталявана на ўчастку з павышанай аварыйнасцю і складанай дарожнай абстаноўкай. Чакаецца, што ўкараненне гэтай тэхналогіі дазволіць скараціць колькасць ДТЗ на дадзеным участку трасы.