BE RU EN

Беларусы Беластока адзначаць Дзень Волі канцэртам

  • 17.03.2026, 13:29

Ён адбудзецца ў Цэнтры беларускай культуры.

25 сакавіка беларусы ва ўсім свеце адзначаюць Дзень Волі — гадавіну абвяшчэння незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі. Для многіх гэта не толькі гістарычная дата, але і сімвал беларускай дзяржаўнасці, салідарнасці і надзеі на свабодную будучыню краіны.

Па гэтай нагодзе Цэнтр беларускай культуры ў Беластоку падрыхтаваў урачысты канцэрт пад назвай «Жыве Беларусь! Учора. Сёння. Заўтра».

Пра тое, калі і дзе адбудзецца канцэрт, хто выступіць перад публікай і чаму для беларускай супольнасці важна збірацца разам у Дзень Волі, у праграме «Госць Рацыі» расказала намесніца дырэктара Цэнтра беларускай культуры ў Беластоку Ілона Карпюк.

— Хутка чарговы Дзень Волі ў Беластоку. Што Цэнтр беларускай культуры падрыхтаваў з гэтай нагоды?

— Цэнтр, відаць, ужо прывучыў жыхароў Беластока, што з нагоды Дня Волі мы стараемся падрыхтаваць урачысты канцэрт, і так будзе і сёлета. Таму запрашаем 25 сакавіка а 18:00 ў канцэртную залу комплексу музычных школ на вуліцы Падлеснай на ўрачысты канцэрт, як і ў папярэднія два гады.

— Што чакаецца ў праграме, хто будзе выступаць?

— У праграме мы пачуем фартэпіянны і струнны квартэт, а паміж творамі класічнай музыкі прагучыць дуда. Таксама будзе гучаць беларускае слова — у форме дэкламацыі паэзіі, якая таксама будзе пераклікацца з праграмай канцэрта.

Праграму пачнём з часоў Касцюшкі, які праявіў сябе таксама як кампазітар. Гэты рэпертуар будзе ўплецены ў агульную праграму, якая правядзе нас ад часоў Касцюшкі да сучаснасці.

Таму ў праграме прагучаць і кампазіцыі добра вядомых кампазітараў — Міхала Клеафаса Агінскага, Напалеона Орды, а таксама сучасных аўтараў — напрыклад, Канстанціна Яськова і Яўгена Глебава.

Як я ўжо сказала, нашы госці будуць не толькі з Польшчы, але і з Літвы. Выступіць струнны квартэт, які працуе ў Клайпедзе, саліст-флейтыст, піяніст Кірыл Кедук, а таксама прагучыць беларуская дуда — на ёй сыграе Яўген Барышнікаў.

Апошнія навіны