BE RU EN

У Вене раскрыта найбуйнейшае «логава» расійскай электроннай разведкі

  • 17.03.2026, 13:32

Расіяне могуць сачыць за штаб-кватэрамі ААН, АБСЕ, МАГАТЭ і АПЕК.

Аўстрыя не пераследуе дзейнасць, звязаную са шпіянажам супраць трэціх краін, таму Вена застаецца адным з ключавых цэнтраў расійскай разведвальнай актыўнасці ў Еўропе. Пакуль іншыя еўрапейскія дзяржавы выслалі сотні расійскіх дыпламатаў, у Аўстрыі іх па-ранейшаму каля 500, і, паводле ацэнак мясцовых уладаў, прыкладна трэць з іх звязаная з разведкай. Пра гэта піша Financial Times.

За апошнія два гады на дахах будынкаў, што належаць Расіі ў Вене — не толькі дыпламатычных, — з'явілася мноства новых антэн і сістэм назірання.

Спадарожнікавыя талеркі для сувязі са сталіцай ёсць ва ўсіх дыпламатычных місіях. Аднак, як расказаў выданню супрацоўнік адной з заходніх спецслужбаў у Вене, расійскія антэны актыўна выкарыстоўваюцца для навядзення на розныя спадарожнікі. Паводле яго слоў, для сувязі з Масквой іх звычайна не трэба пераарыентаваць. Напрыклад, напярэдадні Мюнхенскай канферэнцыі па бяспецы ў лютым адну з найбуйнейшых антэн разгарнулі ў іншы бок, а ўжо на наступны дзень пасля завяршэння канферэнцыі яна вярнулася ў ранейшае становішча.

Крыніца таксама адзначыў, што заходнія спецслужбы за апошнія два гады зафіксавалі ўсталяванне новых антэн і іншых незвычайных прылад на дахах расійскіх аб'ектаў. Адным з ключавых такіх месцаў лічыцца найбуйнейшы расійскі комплекс у Вене на беразе Дунаю, вядомы як Russencity («Рускі горад»).

Паводле слоў Эрыха Мёхеля, прадстаўніка NomenNescio — групы мясцовых спецыялістаў па электронных камунікацыях, якія назіраюць за расійскімі сістэмамі сачэння, — размяшчэнне комплексу надзвычай выгаднае. Прыблізна ў 100 кіламетрах на ўсход знаходзіцца адна з найбуйнейшых спадарожнікавых станцый Еўропы, а ў самой Вене месцяцца штаб-кватэры і прадстаўніцтвы многіх міжнародных арганізацый, уключаючы ААН, АБСЕ, МАГАТЭ і АПЕК.

«Большасць антэн у Russencity накіраваная на захад — у бок шэрагу з 18 геастацыянарных спадарожнікаў, што знаходзяцца на арбіце паміж нулявым мерыдыянам і 15 градусамі ўсходняй даўгаты», — патлумачыў Мёхель. Паводле дадзеных NomenNescio, як мінімум чатыры з гэтых спадарожнікаў выкарыстоўваюцца для забеспячэння сувязі паміж Афрыкай і Еўропай.

Апошнія навіны