Беларусаў чакае першы зоркапад гэтай вясны
- 17.03.2026, 14:38
Чакаецца да 18 метэораў у гадзіну.
Першы метэорны паток вясны – Лірыды – дасягне піку ў ноч на 22 красавіка. Паводле слоў астранома Маскоўскага планетарыя Людмілы Кошман, у гэтым годзе чакаецца да 18 «падаючых зорак» у гадзіну. Аднак інтэнсіўнасць Лірыдаў не сталая: гэта азначае, што ў зямлян ёсць надзея ўбачыць сотні і нават тысячы метэораў.
Кошман распавяла, што Лірыды «падаюць» штогод з 15 па 26 красавіка, а максімум прыпадае на 22 красавіка. Пры гэтым астраном падкрэсліла: у розныя гады іх інтэнсіўнасць моцна адрозніваецца: часам у пік назіраюць толькі дзясяткі метэораў, а часам – сотні і нават тысячы.
Метэорны паток «Лірыды» ўтвораны каметай C/1861 G1 Тэтчэра, якую назвалі ў гонар астранома Альберта Тэтчэра. Зямля штогод праходзіць праз пакінуты ёю пылавы след, з-за чаго часціцы згараюць у атмасферы і ствараюць яркія ўспышкі.
Цікава, што апошні раз камету назіралі ў 1861 годзе, а наступнае яе збліжэнне з Зямлёй чакаецца толькі ў 2276 годзе.
Паводле слоў астранома, метэоры Лірыдаў – белыя і хуткія: іх сярэдняя хуткасць дасягае каля 49 кіламетраў у секунду. Пры гэтым яны рэдка пакідаюць доўгія хвасты, але часта даюць яркія ўспышкі – баліды.
Калі і дзе лепш назіраць?
Назіраць Лірыды найлепш у ночы з 21 на 23 красавіка. Аптымальны час – пасля поўначы і да світанку.
Радыянт патоку знаходзіцца на мяжы сузор’яў Ліра і Геркулес, бліжэй да Ліры. Ён падымаецца даволі высока над гарызонтам пасля 22:30 і застаецца бачным усю ноч, а найлепшыя ўмовы для назіранняў складаюцца пад раніцу.
Радыянт метэорнага патоку – гэта кропка, з якой, як падаецца, вылятаюць зоркі.