Белы дом: Нафтавыя танкеры пачынаюць рухацца праз Армузскі праліў
- 17.03.2026, 20:04
Падрабязнасці.
Нафтавыя танкеры зноў праходзяць праз Армузскі праліў, а блакаванне гэтага марскога шляху Іранам не нанесла значнай шкоды эканоміцы ЗША. Пра гэта заявіў эканамічны дарадца Белага дома Кевін Хасэт у аўторак, 17 сакавіка, у інтэрв’ю CNBC.
«Вы ўжо бачыце, што танкеры пачынаюць патроху праходзіць праз праліў, і я думаю, гэта сведчыць пра тое, як мала ў Ірана засталося», — сказаў ён.
Хасэт пацвердзіў пазіцыю адміністрацыі Дональда Трампа адносна хуткага завяршэння вайны з Іранам.
«Мы вельмі аптымістычна настроены адносна таго, што гэта скончыцца ў бліжэйшы час, а потым, на працягу некалькіх тыдняў пасля завяршэння [вайны], будуць прыкметныя наступствы для цэн, паколькі партыі нафты дабяруцца да нафтаперапрацоўчых заводаў», — дадаў чыноўнік.
Дарадца Белага дома таксама падкрэсліў, што дзеянні ЗША ў Іране супадаюць з інтарэсамі Кітая.
«Гэта адзін з тых выпадкаў, калі мэты абедзвюх краін супадаюць, бо мы імкнемся да стабільнага сусветнага рынку нафты. Калі гэтая вайна скончыцца, а гэта адбудзецца неўзабаве, я ўпэўнены, што яны [прэзідэнт Дональд Трамп і лідар КНР Сі Цзіньпін] сустрэнуцца і будуць мець пра што пагаварыць, і, спадзяюся, кітайскі бок выкажа пэўную ўдзячнасць», — сказаў ён.
14 сакавіка прэзідэнт ЗША Дональд Трамп выказаў надзею, што некалькі краін накіруюць свае караблі ў Армузскі праліў для забеспячэння яго разблакавання.
Аднак прэм’ер-міністр Вялікабрытаніі Кір Стармер адмовіў Трампу ў накіраванні ваенных караблёў у Армузскі праліў. Пазней адмовіла і Германія.