Дылеры Geely ў Беларусі перасталі абслугоўваць аўтамабілі шэрага імпарту
- 17.03.2026, 22:50
Падрабязнасці.
Адразу некалькі ўладальнікаў аўтамабіляў маркі Geely паведамілі пра адмову дылераў абслугоўваць аўтамабілі, увезеныя па «шэрым» імпарце, піша ABW.BY.
Адмову аўтааматары могуць атрымаць як па акцыйных прапановах, так і на любыя паслугі і рамонты.
Гэтую інфармацыю журналістам пацвердзілі ў сэрвісным цэнтры Geely.
Уладзімір, уладальнік Geely Haoyue выпуску 2022 года (кітайская версія мадэлі Okavango для нашага рынку), нядаўна набыў аўтамабіль і вырашыў звярнуцца ў сэрвіс афіцыйнага дылера – ТАА «Аўтацэнтр «Атлант-М Баравая»».
«Хацеў скарыстацца сэрвіснай прапановай для Geely у Мінску: праверка падвескі па 40 пунктах і кансультацыя спецыялістаў па негарантыйных аўтамабілях. Мяне запісалі на бліжэйшую нядзелю. Але пазней ператэлефанавалі і паведамілі, што абслугоўваць машыну не будуць», – расказаў уладальнік.
Прычынай назвалі тое, што кампанія нібыта забараніла выконваць любыя працы з аўтамабілямі маркі, якія ўвезлі ў Беларусь неафіцыйна.
«Прычым гаворка ідзе не толькі пра гэтую акцыю, але і пра любыя рамонты і паслугі», – дадаў Уладзімір.
Пазней у адным з сэрвісных цэнтраў Geely карэспандэнту ABW пацвердзілі: яны не абслугоўваюць аўтамабілі, увезеныя па «шэрым» імпарце.
«Кітайскія калегі забаранілі абслугоўваць аўтамабілі, якія куплены не ў нас», – паведамілі супрацоўнікі сэрвісу.
Паводле іх слоў, распараджэнне з'явілася мінулага тыдня, і такім чынам Geely абараняе афіцыйны рынак продажаў.
Паводле інфармацыі ABW.BY, ініцыятыва ўвесці падобную забарону магла сыходзіць ад «БелДжы». На заводзе гэту заяву пакуль не пракаментавалі.
Зараз жа ўладальнікам Geely, набытых не ў беларускіх дылераў, застаецца абслугоўвацца толькі на незалежных СТА.