BE RU EN

Чыстасардэчнае прызнанне Лукашэнкі

  • Арцём Сініцын, «Салідарнасць»
  • 18.03.2026, 9:51

Прыстарэлы дыктатар пакрыўдзіўся на паўсвету.

Калі б функцыя Google Lens у нашых смартфонах уключала аўтапераклад з мовы прапаганды на чалавечую, тэкст абвестак у беларускіх крамах пра спыненне продажу піва з «недружалюбных краін» заграў бы зусім іншымі фарбамі.

Наводзіш камеру на адну з яскравых улётак і бачыш фактычна чыстасардэчнае прызнанне: «Насамрэч недружалюбнымі для беларусаў з'яўляемся мы — тыя, хто захапіў уладу ў краіне і трымае яе на страху і штыках, коштам вашай будучыні.

Да нядаўняга часу ў Аўстраліі, Новай Зеландыі і розных там Канадах пра Беларусь нават не ўспаміналі, калі ўвогуле здагадваліся пра існаванне такой краіны. Але мы вельмі пастараліся, каб змяніць сітуацыю. Праўда, ёсць нюанс.

Ды што там Аўстралія! Нават Венгрыя са Славакіяй у гэтым спісе, хоць з Орбанам і Фіцо ў нас дружба ў засос. І Аўстрыя, з якой нас доўгія гады раднілі гешэфты.

Ды, дарэчы, не адным півам. Гэта мы скралі ў вас вялікі спорт, замяніўшы сусветны хакей цыркам на лёдзе. І таму ў вас больш няма касметыкі ад Nivea, і ня хутка з'явяцца на трасах навенькія Škoda».

Праўда ў тым, што на паўсвету пакрыўдзіўся прыстарэлы кіраўнік — за тое, што не з разуменнем успрынялі яго рашэнне закатаць у асфальт уласную краіну дзеля ўтрымання ўлады. Што асудзілі захоп чужога самалёта і іншыя далёкія ад дружалюбнасці акцыі: ад міграцыйнага крызісу да саўдзелу ў агрэсіўнай вайне.

А расплачвацца за гэта даводзіцца простым беларусам.

Арцём Сініцын, «Салідарнасць»

Апошнія навіны