Мужчыны ці жанчыны: хто з беларусаў больш адказна падыходзіць да крэдытаў?
- 18.03.2026, 11:25
Нацбанк апублікаваў даныя.
Нацыянальны банк Беларусі апублікаваў даныя пра партрэт сярэднестатыстычнага крэдытаатрымальніка ў краіне — фізічнай асобы на 1 студзеня 2026 года.
Паводле даных Крэдытнага рэгістра Нацыянальнага банка, на дадзены момант у Беларусі 5,2 млн дзеючых крэдытных дагавораў фізасоб (фізічных асоб) на суму 44,9 млрд рублёў.
За 2025 год заключана 1,96 млн крэдытных дагавораў. Гэта ў сярэднім па 163 тыс. крэдытных дагавораў за месяц.
Найбольшую суму крэдытаў, вядома, узялі мінчане — 10,3 млрд рублёў. Найменш крэдытаў атрымалі жыхары Магілёўскай вобласці — 4,3 млрд рублёў.
Пры гэтым галоўная тэндэнцыя краіны — жанчыны працягваюць заключаць больш крэдытных дагавораў. Аднак мужчыны, хоць і робяць гэта радзей, сума іх крэдытаў большая.
Колькасць крэдытных дагавораў: 2,8 млн у жанчын супраць 2,4 млн у мужчын. Агульная сума крэдытаў у жанчын — 21,7 млрд рублёў, у той час як у мужчын — 23,2 млрд.
Што да крэдытнай дысцыпліны беларусаў у 2025 годзе, то ўдзельная вага крэдытаў, якія банкі адносяць да I групы рызыкі (з мінімальнай верагоднасцю непагашэння крэдыту), павялічылася на 1,7 працэнтнага пункта да 87,3%.
Больш добрасумленныя крэдытаатрымальнікі — жанчыны. Пратэрмінаваная запазычанасць у жанчын маецца па 95 тыс. дагавораў, у мужчын — па 142 тыс. крэдытаў.