«Значнасць Беларусі будзе толькі расці»
- 18.03.2026, 14:42
Мікалай Статкевіч зноў папярэдзіў еўрапейцаў і беларусаў пра расійскую пагрозу.
Лідар беларускай апазіцыі, вызвалены палітвязень Мікалай Статкевіч апублікаваў у сваім тэлеграм-канале адказ на пытанне пра геапалітычную сітуацыю ў свеце і адказаў крытыкам свайго артыкулу-папярэджання для беларусаў і еўрапейцаў.
Былыя актывісты «Народнай Грамады», якія цяпер знаходзяцца за межамі Беларусі, папрасілі Статкевіча ацаніць апошнія падзеі, што адбываюцца ў свеце — арышт венесуэльскага дыктатара Мадура і вайну ЗША і Ізраіля супраць рэжыму ў Іране, а таксама пракаментаваць дыскусію, якая ўзнікла пасля апошніх артыкулаў апазіцыйнага лідара:
— Што да маіх артыкулаў. Публікуючы іх, я чакаў негатыўнай рэакцыі ад некаторых чытачоў, але ўяўляў яе прыкладна так: «што тут казаць, усё ж інсульт галаўнога мозгу», далей — ілжывыя спачуванні і такія ж пажаданні «хутчэйшага выздараўлення». Але я зусім не чакаў, што будзе пастаўлена пад сумнеў нават мой аўтарскі статус. Дык хто ж іх напісаў, можа, прывід Шэкспіра праскочыў у мой асабісты канал, а я, з любові да літаратуры, прамаўчаў?
Пры гэтым, адмаўляючы маё аўтарства, я бачу, што некаторыя публічныя асобы выкарыстоўваюць высновы з майго першага артыкула, але без указання аўтара. Ну, хай ужо так. Можа, яны проста не хочуць узгадваць прывід Шэкспіра? Ці лічаць прывідам мяне.
Трэба прызнаць, што ў юрыдычным сэнсе яны ў нечым маюць рацыю, бо мяне вызвалілі без аніводнага дакумента, які пацвярджае маю асобу. Пашпарт застаўся ў калоніі, кіраўніцтва якой не адказвае на запыты. Пакінулі як сувенір? А без яго не тое што за мяжу на абследаванне не выедзеш, як многія раяць, нават у мясцовую паліклініку звярнуцца немагчыма. І не дакажаш, што я — гэта я. Толькі адны смелыя судовыя выканаўцы рашуча прызналі маё фізічнае існаванне без дакументаў, але адразу заявілі прэтэнзіі на палову маёй пенсіі, якую я таксама не магу аднавіць без пашпарта.
Прызнаўшы слушнасць маіх высноваў пра пагрозу Беларусі, многія крытычна паставіліся да маіх прапаноў па яе нейтралізацыі. Але нічога ўзамен не прапанавалі. Можа, як цяжарная школьніца, спадзяюцца, што «само па сабе рассмактаецца»?
Пра геапалітычную сітуацыю вакол Беларусі я даволі падрабязна напісаў у гэтых артыкулах. Калі пра рэальны стан беларускага грамадства і сітуацыю ў палітычнай эміграцыі ў мяне было мала інфармацыі, бо «Савецкая Беларусь», якую я вымушаны быў выпісваць у калоніі, тут не найлепшая крыніца, дык пра стан расійскай эканомікі, афіцыйныя ўстаноўкі і памкненні Крамля, міжнародныя падзеі — пра ўсё гэта можна было скласці пэўнае ўяўленне нават з тых жа «Известий», якія я таксама выпісваў.
Да таго ж яшчэ савецкі досвед чытання паміж радкамі і мой даволі вялікі і разнастайны жыццёвы, палітычны і вайсковы досвед (а я маю вельмі добрую памяць) давалі дастаткова інфармацыі для аналізу. І высновы відавочныя.
Страціўшы Украіну, Крэмль будзе шукаць іншыя месцы прарыву на Захад. Бо расійская масавая свядомасць і дагэтуль не змяшчаецца ў межах РФ, а кіраўніцтву Крамля патрэбная «пераможная вайнушка», каб захаваць уладу і перадаць яе ў спадчыну. А таксама, каб прымусіць Еўропу адмовіцца ад санкцый і вярнуцца да фінансавання крызіснай расійскай эканомікі праз маштабныя закупкі ў РФ вуглевадародаў.
Таму значнасць «беларускага балкона» для Масквы будзе толькі расці, што нараджае цэлы шэраг рызык не толькі для і без таго фармальнай беларускай дзяржаўнасці, але і для фізічнага існавання Беларусі і беларусаў. Я кажу пра гэта толькі таму, што менавіта падтрымка Масквы з’яўляецца асновай устойлівасці беларускага рэжыму. Такая залежнасць можа каштаваць нам вельмі дорага.
Яе нельга прыбраць звонку іншымі краінамі, бо гэта толькі абвастрыць барацьбу за «балкон» з боку Масквы.
У Венесуэле ўстойлівасць рэжыму забяспечвалася падтрымкай найбяднейшых слаёў насельніцтва, якія за гэта атрымлівалі ад уладаў бясплатныя прадукты харчавання, таму замена Мадура там мала што змяняе; наадварот, яго былыя прыхільнікі спадзяюцца, што цяпер санкцыі здымуць і «кармленне» стане лепшым.
У Іране рэжым абапіраецца на шыізм — рэлігію, заснаваную на ідэі пакуты і кульце смерці. Прыхільнікаў гэтай рэлігіі там яшчэ дастаткова, каб утрымліваць у дзеяздольным стане многія сілавыя структуры.
Вельмі шкада гэты мужны і таленавіты народ, але ў бліжэйшы час перспектыў яго вызвалення я не бачу. Магчыма, толькі пад знешнім ціскам аслаблены рэжым пойдзе на пэўныя змякчэнні, але не зараз.