BE RU EN

Расійскі праўладны блогер заклікаў судзіць Пуціна

  • 18.03.2026, 16:15

І раскрытыкаваў вайну ва Украіне.

Блогер, былы член Грамадскай палаты Расіі, юрыст Ілля Рэмесла, які раней атрымаў вядомасць перадусім даносамі на Аляксея Навальнага, 17 і 18 сакавіка апублікаваў у тэлеграме шэраг пастоў з рэзкай крытыкай Пуціна. Акрамя іншага, Рэмесла раскрытыкаваў вайну ва Украіне і заклікаў судзіць Пуціна, назваўшы яго «нелегітымным прэзідэнтам». У запісаных ім відэа і ў гутарцы з карэспандэнтам выдання «Агенцтва» Рэмесла пацвердзіў, што з'яўляецца аўтарам гэтых тэкстаў і што яны адлюстроўваюць яго цяперашнія погляды.

Найбольшы рэзананс выклікаў пост Рэмесла, апублікаваны ўвечары ў аўторак, у якім ён пералічыў пяць прычын, з-за якіх ён «перастаў падтрымліваць Пуціна». Сярод іх — вайна ва Украіне, задушэнне інтэрнэту і свабоды СМІ, карупцыя і шкода эканоміцы Расіі ад дзеянняў Пуціна, а таксама незменнасць улады. «Уладзімір Пуцін павінен сысьці ў адстаўку і быць аддадзены пад суд як ваенны злачынца і злодзей», — падсумоўвае Рэмесла. У апублікаваным пазней пасту ён таксама напісаў пра «палацы Пуціна» і яго «цягу да раскошы».

У гутарцы з «Агенцтвам» блогер падкрэсліў, што знаходзіцца ў Расіі і не збіраецца выязджаць, хоць і разумее, што яму можа пагражаць пераслед. Ён таксама прагназаваў страту ўлады Пуціным у гэтым годзе ў тым выпадку, калі той не прыслухаецца да крытыкі на свой адрас. Паводле меркавання Рэмесла, яго заяву пакажуць Пуціну.

Ілля Рэмесла набыў вядомасць напрыканцы 2010-х гадоў як аўтар інфармацыйных кампаній са спробамі дыскрэдытацыі апазіцыянера Аляксея Навальнага. Журналісты The Insider высветлілі, што яны былі ўзгодненыя з Адміністрацыяй прэзідэнта.

Апошнія навіны