BE RU EN

Расійскія фермеры выходзяць на пратэст

  • 18.03.2026, 17:28

Канфлікт з уладамі абвастраецца.

У Новасібірскай вобласці Расіі працягваюцца пратэсты з-за масавага адбірання і знішчэння хатняй жывёлы, піша «Медуза».

Мясцовыя жыхары заяўляюць, што жывёл забіваюць нібыта з-за «небяспечнай хваробы», аднак яе афіцыйна не называюць. Людзі таксама скардзяцца на адсутнасць тлумачэнняў з боку ўладаў і мізэрныя кампенсацыі, бо жывёла была іх асноўнай крыніцай даходу.

Канфлікт абвастрыўся ў пачатку сакавіка, калі жыхары некалькіх вёсак пачалі блакаваць тэхніку, якая займалася знішчэннем жывёл. Паводле звестак мясцовых СМІ, яшчэ з лютага ў рэгіёне знішчылі кароў, свіней і авечак.

Улады растлумачылі свае дзеянні ўспышкамі сказу і пастэрэлёзу. У той жа час фермеры сцвярджаюць, што жывёлы выглядалі здаровымі, а ніякіх аналізаў перад забоем не праводзілі.

Эксперты адзначаюць, што рэакцыя на розныя захворванні павінна адрознівацца. У прыватнасці, пастэрэлёз звычайна паддаецца лячэнню і патрабуе ізаляцыі хворых жывёл, а не поўнага знішчэння пагалоўя. У той жа час пры ўспышках сказу магчымыя больш жорсткія меры, аднак нават у такіх выпадках татальны забой лічыцца крайняй мерай.

Нягледзячы на гэта, санітарныя службы дзейнічаюць жорстка: жывёл адбіраюць цэлымі статкамі, аперацыі праводзяць пры ўдзеле паліцыі, а ўдзельнікаў пратэстаў затрымліваюць. Паводле наяўнай інфармацыі, колькасць знішчаных жывёл ідзе на тысячы, а тушы ўтылізуюць на спецыяльных полігонах.

У той жа час сітуацыя выклікала шырокі рэзананс у сацсетках, дзе карыстальнікі звязваюць яе з іншымі праблемамі ў краіне — ростам цэн, абмежаваннем інтэрнэту і ціскам на грамадзян.

Сярод пацярпелых — і былыя расійскія акупанты, якія страцілі жывёлу, набытую за ўласныя зберажэнні. У прыватнасці, жыхар вёскі Чарнакур'е Карасуцкага раёна Новасібірскай вобласці Антон Должэнка распавёў, што набыў жывёл за кампенсацыю, атрыманую пасля паранення на вайне ва Украіне.

Апошнія навіны