Афганістан і Пакістан спынілі баявыя дзеянні з-за свята
- 18.03.2026, 19:49
Бакі прынялі часовае спыненне агню ў сувязі з набліжэннем ісламскага свята Ураза-байрам.
Афганістан часова прыпыніў баявыя дзеянні супраць Пакістана па просьбе Катара, Саудаўскай Аравіі і Турцыі. Пра гэта гаворыцца ў заяве прадстаўніка ўрада Афганістана Забіхулы Муджахіда у сацыяльнай сетцы X.
Раней Пакістан таксама часова прыпыніў свае баявыя дзеянні супраць Афганістана, пра што заявіў міністр інфармацыі і тэлерадыёвяшчання Пакістана Аттаулла Тарар у сацыяльнай сетцы X. Ён напісаў, што Пакістан прыняў рашэнне аб прыпыненні баявых дзеянняў па просьбе Саудаўскай Аравіі, Катара і Турцыі. Перапынак у баявых дзеяннях — з ночы 19 сакавіка да поўначы 24 сакавіка.
Часовае спыненне агню бакі прынялі ў сувязі з набліжэннем ісламскага свята Ураза-байрам (Ід аль-Фітр), якое сёлета адзначаецца ў ноч з 19 на 20 сакавіка.
Ураза-байрам (ад цюрк. Uraza — пост, bairam — свята; па-арабску называецца Ід аль-Фітр і перакладаецца як «свята спынення посту») — адзін з двух галоўных мусульманскіх святаў, які азначае заканчэнне свяшчэннага месяца посту Рамадан.
Афганістан пачаў ваенную аперацыю супраць Пакістана ў канцы лютага 2026 года.