РФ атакавала Нававалынск у 5 км ад мяжы з Польшчай
- 18.03.2026, 22:44
Там зніклі святло і вада.
Увечары ў сераду, 18 сакавіка, паблізу Нававалынска расіяне трапілі ў энергааб’ект. Зафіксаваныя абясточванне і перабоі з вадой.
Пра гэта паведамляе Charter97.org са спасылкай на заяву гарадскога галавы Барыса Карпуса і паведамленне кіраўніка Валынскай ОГА Рамана Раманюка.
«Папярэдне ёсць траплянне ў энергааб’ект каля Нававалынска. У частцы абшчыны знікла святло. Таксама ёсць перабоі з водазабеспячэннем», — сказана ў ягонай заяве.
Паводле слоў Карпуса, расіяне атакавалі энергааб’ект каля Нававалынскай абшчыны. Ён адзначыў, што пашкоджанні вельмі сур’ёзныя і на аб’екце ўспыхнуў пажар.
«Адпаведныя службы працуюць на месцы трапляння. Энергетыкі пачнуць работы, адразу як гэта будзе магчыма. Цяпер могуць быць перабоі з водазабеспячэннем. Запускаем генератары», — адзначыў ён.
Гарадскі галава дадаў, што частка катэльняў будзе працаваць на мінімальным узроўні. Акрамя таго, разгорваюцца пункты нязломнасці — адрасы мясцовым жыхарам паведамяць пазней.
Раманюк паведаміў, што расіяне нанеслі ўдар дроном тыпу «Шахед». Паводле стану на цяпер без электразабеспячэння застаюцца больш як 30 тысяч абанентаў у адным з раёнаў вобласці.