Што адрознівае беларусаў ад расіян: аргумент №1
- 19.03.2026, 10:31
Прама цяпер у вочы кідаецца рэзкі кантраст.
«Чаму Беларусь — не Расія», новы спецпраект «Салідарнасці», можна было пачаць з гістарычных фактараў. Але да іх размова яшчэ дойдзе. А прама цяпер у вочы кідаецца рэзкі кантраст – стаўленне да вайны.
Беларусы не хочуць ваяваць з Украінай
Ці хочуць рускія вайны? Чатыры крывавыя гады паўнамаштабнай бойні, якой Еўропа не бачыла ад часоў Другой сусветнай, даюць сцвярджальны адказ на гэтае пытанне.
На працягу чатырох гадоў апытанні грамадскай думкі ў Расіі стабільна фіксуюць падтрымку дзеянняў акупацыйных войскаў ва Украіне, якая вагаецца ў раёне 70–80%. І толькі 13–17% заяўлялі пра неўхваленне ўварвання.
Апытанні беларусаў даюць процілеглую карціну. Нягледзячы на ўсю шалёную прапаганду ўварвання, толькі ад 10% да 12% нашых суайчыннікаў лічаць, што Беларусь таксама павінна накіраваць сваю армію ва Украіну.
У лютым 2022-га тысячы беларусаў выйшлі на пратэсты супраць вайны ва Украіне і саўдзелу ў ёй рэжыму Лукашэнкі.
Тысячы беларусаў, рызыкуючы свабодай, дасылалі незалежным медыя паведамленні пра дзеянні расійскіх войскаў на тэрыторыі нашай краіны.
У беларускім грамадстве, нягледзячы на разыходжанні ў палітычных поглядах, дагэтуль захоўваецца кансэнсус: у сваёй большасці мы не хочам ваяваць.
Беларусы ўвогуле ні з кім не ваявалі за дзесяцігоддзі незалежнасці
Расія толькі за апошнія трыццаць пяць гадоў разгарнула шэраг ваенных канфліктаў, а яшчэ ў некалькіх узяла ўдзел:
Прыднястроўе
Таджыкістан
Дзве войны з Чачнёй
Грузія
Сірыя
Украіна
(І гэта не лічачы адпраўкі наймітаў у афрыканскія краіны са згоды і па даручэнні Крамля).
Беларуская армія, нават нягледзячы на тое, што наша краіна кіруецца агрэсіўнай дыктатурай, за дзесяцігоддзі незалежнасці ні разу не вяла баявых дзеянняў (хоць, на вялікі жаль, аказвае тэхнічную падтрымку Расіі ў вайне супраць Украіны).
Каму вайна — маці родная
Сучасны дзяржаўны гімн, пры ўсёй яго, скажам так, неадназначнасці, пачынаецца словамі, з якімі складана паспрачацца: «Мы, беларусы — мірныя людзі…»
Расійская прыказка намякае: «Каму вайна, а каму маці родная».
Што такое вайна, нашыя продкі ведалі не з чужых слоў. І сучасным беларусам у пераважнай большасці адрыньванне вайны перадалося на генетычным узроўні.
Расіяне са свайго каласальнага гістарычнага досведу зрабілі зусім іншыя высновы. Для іх вайна застаецца прымальным, а то і жаданым («калі мы іх бамбім, а яны нас — не») варыянтам «вырашэння праблем».
І гэта адно з галоўных, радыкальных адрозненняў паміж двума народамі.