BE RU EN

Канец вайны пры жывым Пуціне

  • Дзяніс Казанскі
  • 19.03.2026, 10:41

Ці магчымы такі варыянт развіцця падзей?

Тэма заканчэння вайны ва Украіне зноў адыходзіць на другі план. Пасля пэўных надзеяў на нейкую дамоўленасць стала ясна, што ніякага спынення агню ў бліжэйшай будучыні не будзе. А калі будзе? На мой погляд, зыходзячы з таго, што я бачу, пастаянна назіраючы за расійскай павесткай дня, ёсць тры вырашальныя фактары, якія паўплываюць на заканчэнне вайны.

Смерць або адхіленне ад улады Уладзіміра Пуціна.

Вычарпанне Расіяй рэсурсаў для вядзення вайны.

Масавая стомленасць расійскага грамадства і расчараванне расіян у самой ідэі захопу Украіны.

Разбярэм кожны з гэтых фактараў асобна.

1. Я перакананы, што Уладзімір Пуцін — паранаідальны псіхапат, зацыклены на ідэі знішчэння ўкраінскай дзяржаўнасці ў тым ці іншым выглядзе. Гэта відаць па многіх прыкметах, якія можна разабраць у асобным допісе. Але, думаю, многія са мной пагодзяцца. У Пуціна да Украіны асаблівыя адносіны; ні адна іншая дзяржава не выклікае ў яго жадання цытаваць нейкія дамовы 400-гадовай даўніны і ўспамінаць палавеццаў. Вайна з Украінай — перадусім яго асабісты капрыз. Ён будзе працягваць яе, пакуль зможа. Не стане Пуціна — вайна спыніцца з верагоднасцю 99%. Але колькі ён яшчэ прабудзе пры ўладзе, не ведае ніхто. Магчыма, ён заўтра сканае, а можа, яшчэ 15 гадоў будзе сядзець у бункеры, пускаючы сліну на дакументы. Прагназаваць гэта немагчыма.

2. «Хацелкі» Пуціна ўпіраюцца ў рэсурсы для працягнення вайны. Да атакі Трампа на Іран тут бачыўся пэўны прасвет — на пачатку 2026 года расійскія рэсурсы падыходзілі да вычарпання. Статыстыка за студзень і люты паказала фінансавую катастрофу. З-за велізарнага дэфіцыту бюджэту яго давялося урэзаць на 10% ужо ў пачатку сакавіка. Амаль ва ўсіх галінах расійскай эканомікі адбыўся рэзкі спад. Перастала хапаць грошай нават на ваенныя заказы, і некаторыя абаронныя заводы знізілі аб’ёмы вытворчасці. Усё ўказвала на тое, што Пуціну хутка давядзецца паставіць вайну на паўзу, і гэта давала надзею на спыненне агню ў гэтым годзе. Але тут на дапамогу паспяшаўся друг Дональд, які зняў санкцыі з расійскай нафты. Цяпер Расія, верагодна, выправіць сваё становішча і адпоўзе ад фінансавай прорвы. Які эфект гэта дасць — залежыць ад працягласці вайны ў Іране і ад таго, ці верне Трамп санкцыі супраць расійскай нафты.

3. Ну і, вядома, ваяваць з Украінай Пуцін не змог бы, калі б гэтая ідэя была абсалютна непапулярнай у расійскім грамадстве. Таму тут папрацавалі — доўгія гады прапаганда дэгуманізавала ўкраінцаў, прасоўвала ідэю пра тое, што ні ўкраінскай культуры, ні ўкраінскай мовы насамрэч няма, што ўсіх нас прыдумаў нямецкі шпіён Ленін насуперак Расіі, і што справай гонару для Расіі нас усіх знішчыць або прымусіць быць рускімі. У выніку, у 2022 годзе «братні народ» абсалютнай большасцю падтрымаў уварванне ва Украіну.

Аднак праз чатыры гады ідэя працягнення вайны і захопу Украіны мае значна меншую падтрымку сярод расіян. Цяпер нават у праваенных Z-каналах відавочная масавая стомленасць ад пазіцыйнай мясарубкі. Многія проста пішуць, што вайна страціла сэнс і сябе вычарпала. Што на фронце з-за беспілотнікаў настаў пазіцыйны тупік, Расія нясе вялізныя страты. Наступаць немагчыма, а пяты год завальваць трупамі пасадкі — бессэнсоўна. Нават правладныя Z-блогеры прызнаюць, што заяўленыя Пуціным мэты «СВА» невыканальныя і пара спыняць вайну. Такія допісы і заявы я шмат разбіраў і цытаваў на сваім Ютубе.

Весці вайну, калі пераважная частка насельніцтва выступае супраць, не зможа ні адзін дыктатар, калі ён хаця б крыху дбае пра ўстойлівасць сваёй улады. Ніводная дыктатура не бывае паспяховай без апоры на значную частку грамадства. Таму Пуцін вымушаны будзе пайсці на спыненне вайны, калі «СВА» стане татальна непапулярнай (у ідэале трэба дасягнуць такога эфекту, каб насельніцтва РФ ванітавала ад самога згадвання пра вайну з Украінай, каб у той бок нават ніхто не глядзеў).

Вось калі па другім і трэцім пунктах настане мяжа — тады можна будзе чакаць ад Пуціна рэальных крокаў да міру. Пакуль бачым пэўны прасвет. Тэндэнцыі да вычарпання рэсурсаў і ўзмацнення стомленасці ад вайны ёсць, але не настолькі значныя, каб спыніць апантанага вайной псіхапата.

Што да здачы Данбаса або нейкіх саступак у скарачэнні ўкраінскай арміі, то абмяркоўваць гэта як рэальныя крокі да міру проста смешна. Безумец, які марыць палавецамі і картамі XV стагоддзя, на якіх «няма Украіны», ніводным Краматорскам не задаволіцца. І прыдумае 10 новых прычын, каб працягваць вайну далей. Верыць, што Пуціна можна задабрыць Краматорскам або Дружкаўкай і што ён ваюе дзеля таго, каб захапіць усяго некалькі раёнаў Данецкай вобласці і адчапіцца ад нас, можа толькі цёмны невуц, які нічога не ведае і не разумее пра сучасную Расію.

Дзяніс Казанскі, «Фэйсбук»

Апошнія навіны