Беларуская армія пачала «камплексныя вучэнні» на захадзе краіны
- 19.03.2026, 10:58
Імі будзе камандаваць начальнік Генштаба генерал Мураўейка.
Міністэрства абароны Беларусі паведаміла, што з 19 сакавіка пачалося комплекснае вучэнне з войскамі Заходняга аператыўнага камандавання. Кіраваць ім будзе начальнік Генеральнага штаба (Генштаба) Беларусі Павал Мураўейка, а манеўры працягнуцца да 25 сакавіка, паведамляе «Телеграф».
У Міністэрстве абароны (Мінабароны) заяўляюць, што вучэнне стане адным з галоўных мерапрыемстваў у межах праверак арміі Беларусі, якія пачаліся яшчэ зімой.
У ходзе вучэнняў Мінабароны плануе «адпрацаваць поўны кіраванчы цыкл у войсках аператыўнага аб’яднання, а таксама на практыцы ацаніць гатоўнасць да выканання заданняў па прызначэнні вайсковых частак, якія правяраюцца».
Генерал-маёр Павал Мураўейка заявіў у сувязі са стартам вучэнняў, што ў аснову іх задумы «пакладзены найсучаснейшая ваенна-палітычная абстаноўка, а таксама дасягненні ваеннага мастацтва ў галіне развіцця сродкаў узброенай барацьбы».
Манеўры пройдуць на палігонах і ўчастках мясцовасці ў Брэсцкай і Мінскай абласцях.
«Мы плануем адпрацаваць падрыхтоўку абаронных рубяжоў і пазіцый з апорай на вузлы супраціву, участкі загараджэнняў, пры гэтым максімальна выкарыстоўваць мясцовую прамысловую і адміністрацыйна-гаспадарчую базу», — расказаў кіраўнік Генштаба.
Таксама, паводле слоў Мураўейкі, у ходзе вучэнняў будуць выкарыстоўваць БПЛА, РЭБ і практыкаваць стральбу на вялікую далёкасць.
«Не выключана, што ў рамках актыўнага этапу вучэння будуць адпрацаваныя актыўныя дзеянні механізаваных і танкавых падраздзяленняў па барацьбе з незаконнымі ўзброенымі фарміраваннямі, дыверсійна-выведвальнымі групамі праціўніка, а таксама адбіццё магчымых атак і актыўны манеўр», — расказаў генерал.