СБУ затрымала лукашэнкаўскага агента
- 19.03.2026, 13:52
Ён працаваў і на ФСБ РФ.
Ваенная контрвыведка Службы бяспекі Украіны паведаміла пра затрыманне вайскоўца ЗСУ, які, як сцвярджаецца, быў агентам, што адначасова працаваў на ФСБ Расіі і лукашэнкаўскую разведку памежнай службы.
«Паводле матэрыялаў справы, зламыснікам аказаўся вайсковец з падраздзялення Сіл беспілотных сістэм. Так, займаючы пасаду аператара БПЛА, ён «зліваў» ворагу дадзеныя пра напрамкі руху, віды і колькасць дронаў Сіл абароны, задзейнічаных у баях на паўночна-ўсходнім прыграніччы», — гаворыцца ў паведамленні СБУ.
У сілавым ведамстве сцвярджаюць, што пазней падазраваны перавёўся на пасаду аператара наземных робатызаваных комплексаў на Ізюмскім кірунку і пачаў збіраць дадзеныя пра дыслакацыю і баявыя планы падраздзяленняў ЗСУ, што знаходзяцца тут.
«Пасля выканання агентурных задач фігурант спадзяваўся ўцячы ў Расію праз лінію фронту, дзе яго павінны былі сустракаць расійскія спецслужбы», — у СБУ сцвярджаюць, што «варожы „крэт“ быў затрыманы па месцы яго знаходжання на Харкаўшчыне».
Яму паведамілі пра падазрэнне паводле артыкула аб дзяржаўнай здрадзе ў умовах ваеннага становішча.
«Зламыснік знаходзіцца пад вартай без права ўнясення закладу. Яму пагражае пажыццёвае пазбаўленне волі з канфіскацыяй маёмасці», — удакладнілі ў СБУ.