У некаторых рэгіёнах свету цэны на найбліжэйшыя пастаўкі нафты дасягнулі $150 за барэль
- 19.03.2026, 14:39
З-за фізічнай нястачы сыравіны.
Кошт найбольш ліквіднага ф'ючэрса на нафту Brent з пастаўкай у маі ў чацвер падскочыў да $114 за барэль праз эскалацыю на Блізкім Усходзе. Але партыі нафты з фізічнай пастаўкай у кароткія тэрміны з краін, што працягваюць экспарт, ужо прадаюцца значна даражэй, піша Financial Times.
У аўторак барэль у Амане, чые парты размешчаныя за перакрытым Армузскім пралівам і маюць адкрыты выхад у акіян, прадаваўся амаль за $154, паводле даных Argus Media.
Фінансавы рынак і рынак фізічных паставак разышліся, адзначыў Оле Хансэн, дырэктар па стратэгіі на сыравінных рынках Saxo Bank. Ф'ючэрсы на паўночнаморскую Brent і амерыканскую WTI прадугледжваюць пастаўку ў маі, калі, як спадзяюцца трэйдары, сітуацыя з суднаходствам у Армузскім праліве палепшыцца. Але цэны на партыі, якія трэба паставіць цяпер, «растуць з-за фізічнай нястачы сыравіны», кажа Дэвід Файф, галоўны эканаміст Argus Media.
Прэміі за гатункі, якія па сваіх характарыстыках падобныя да блізкаўсходніх, дасягнулі рэкордных значэнняў, адзначае FT. Сярод іх — некаторыя гатункі, што здабываюцца ў Нарвегіі, Алжыры, Лівіі і Казахстане, за якія пакупнікі даплачваюць ад $5 да амаль $15 за барэль у параўнанні з Brent.
Кошт Brent пасля пачатку вайны ва Іране ўзляцеў амаль да $119 за барэль, потым апусціўся ніжэй за $100 і некаторы час трымаўся каля гэтай адзнакі. У апошнія дні па меры эскалацыі канфлікту ён патроху рос. А ў чацвер падскочыў больш чым на 10%, перавысіўшы $118, пасля чаго апусціўся ў раён $114 за барэль.
Каціроўкі Brent і WTI таксама адлюстроўваюць той факт, што гэта лёгкія, нізкасерністыя гатункі нафты, тады як блізкаўсходнія, якія закупляюцца азіяцкімі НПЗ, — цяжэйшыя і маюць вышэйшае ўтрыманне серы. Замяніць апошнія ў дастатковых аб'ёмах немагчыма, кажа Іван Мэцьюз, начальнік аналітычнага аддзела па Азіяцка-ціхаакіянскім рэгіёне ў Vortexa.
У свеце назіраецца «найбольш сур'ёзны збой паставак нафты з 1970-х гадоў, а Brent ледзь перавышае $100», адзначыў Хансэн. Больш дакладным адлюстраваннем крызісу могуць служыць цэны на паліва, адзначае Bloomberg: эталонны паўночнаморскі кантракт на дызель каштуе ўжо больш за $180 за барэль — максімум амаль за чатыры гады.
Арнэ Ломан Расмусэн, галоўны аналітык Global Risk Management, сказаў агенцтву:
«Відавочна, што вайна ўвайшла ў фазу, калі аб'ектамі прамых удараў становіцца энергетычная інфраструктура. Гэта азначае новы этап эскалацыі і ўказвае на далейшы рост цэн на энерганосьбіты ў найбліжэйшыя дні».