Журналістка Кацярына Андрэева выйшла на свабоду
- 19.03.2026, 17:46
За кратамі яна правяла больш за пяць гадоў.
Журналістка Кацярына Андрэева чакае дэпартацыі з Беларусі ў Літву, паведамляе «Вясна».
Журналістка «Белсата» была арыштаваная 15 лістапада 2020 года, калі яна разам з Дар'яй Чульцовай вяла стрым з «Плошчы Перамен» у Мінску, дзе праходзіў марш памяці Рамана Бандарэнкі. Сілавікі затрымалі абедзвюх журналістак.
Пасля сямі сутак адміністрацыйнага арышту Кацярыну так і не выпусцілі на свабоду і перавялі ў ізалятар у Жодзіне. 18 лютага 2021 года яе асудзілі на два гады пазбаўлення волі паводле арт. 342 Крымінальнага кодэкса — за «арганізацыю і падрыхтоўку дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак».
10 лютага 2022 года Андрэеву перавялі з папраўчай калоніі №4 у гомельскі СІЗА, дзе супраць яе ўзбудзілі новую крымінальную справу — паводле арт. 356 КК за «здраду дзяржаве».
4 ліпеня 2022 года яе справу разглядалі ў Гомельскім абласным судзе ў закрытым рэжыме, і ўжо 13 ліпеня ёй вынеслі прысуд: 8 гадоў і 3 месяцы пазбаўлення волі ва ўмовах ўзмоцненага рэжыму. Апеляцыйная скарга, разгледжаная 20 верасня, не змяніла прысуду.
У кастрычніку 2022 года журналістку этапавалі ў гомельскую ПК №4. МУС уключыла яе ў спіс «экстрэмістаў».