Кацярына Андрэева: Я вельмі шчаслівая
- 19.03.2026, 20:22
Калегі звязаліся з вызваленай журналісткай-палітзняволенай.
Журналістам «Белсата» ўжо ўдалося пагаварыць са сваёй журналісткай Кацярынай Андрэевай, якую вызвалілі 19 сакавіка разам з яшчэ 249 палітзняволенымі, адразу выслалі ў Літву.
«Дзякуй, што вы мяне сустракаеце. Я таксама вельмі рада, што я на волі, вельмі шчаслівая. Дзякуй усім, хто прыклаў намаганні для гэтага. Нас вельмі цёпла сустрэлі. Буду пакрысе адаптоўвацца. Ну і да хуткай сустрэчы», — сказала па тэлефоне Кацярына Андрэева.
Кацярына Андрэева (Бахвалова) нарадзілася ў 1993 годзе. Пасля школы паступіла ў МДЛУ, але на трэцім курсе паехала валанцёркай у Іспанію, дзе правяла два гады. Пасля вяртання на радзіму вырашыла працягнуць сямейную дынастыю і заняцца журналістыкай. Яе дзядуля — вядомы журналіст Сяргей Ваганаў. Працавала на «Радыё Свабода», на «Белсаце».
Журналістку арыштавалі ў лістападзе 2020 года. Яна не вярнулася дадому з Плошчы Перамен, адкуль вяла для «Белсата» прамы эфір. Жыхары дома ўпусцілі на свой балкон Андрэеву і аператарку Дар'ю Чульцову, аднак сілавікі ўзялі кватэру штурмам. На дзяўчат завялі крымінальную справу і прысудзілі па 2 гады зняволення за «ўдзел» у пратэстах.
Аднак калі Дар'я Чульцова выйшла па заканчэнні тэрміну, на Кацярыну Андрэеву завялі новую крымінальную справу — за «здраду дзяржаве». Усяго журналістка атрымала 8 гадоў і 3 месяцы зняволення.