BE RU EN

Навошта птушкі цягнуць у гнёзды акуркі?

  • 19.03.2026, 21:38

Арнітолагі высветлілі.

У розных краінах навукоўцы ўсё часцей фіксуюць незвычайныя паводзіны птушак: замест звыклых галінкаў і пуху яны прыносяць у гнёзды сігарэтныя акуркі. Даследаванне паказала, што ў гэтай дзіўнай звычкі ёсць практычнае тлумачэнне.

Арнітолагі з Польшчы высветлілі, што птушкі выкарыстоўваюць акуркі як сродак абароны ад паразітаў. Сігарэтныя фільтры змяшчаюць нікацін і іншыя рэчывы, таксічныя для насякомых, такіх як кляшчы, блохі і лічынкі мух.

У эксперыменце навукоўцы назіралі за гнёздамі лазорак, падзяліўшы іх на тры групы: звычайныя, стэрыльныя і з дабаўленнем акуркаў. Высветлілася, што птушаняты з гнёздаў з акуркамі і са стэрыльных гнёздаў былі ў лепшым стане — у іх адзначаліся больш высокія паказчыкі гемаглабіну і гематакрыту.

Аналіз паказаў, што ў гнёздах з акуркамі паразітаў было менш, чым у звычайных. Аднак эфект аказаўся ўмераным: цалкам пазбавіцца ад шкоднікаў акуркі не дазвалялі.

Навукоўцы мяркуюць, што ў прыродзе птушкі могуць узмацняць ахоўны эфект — напрыклад, разрываючы фільтры на валокны, каб таксічныя рэчывы лепш дзейнічалі.

Пры гэтым у такога «лайфхака» ёсць і зваротны бок. Іншыя даследаванні паказалі, што хімічныя рэчывы з акуркаў могуць выклікаць пашкоджанні на клеткавым узроўні ў птушанят.

Такім чынам, птушкі выкарыстоўваюць акуркі як своеасаблівы сродак ад паразітаў, але такая абарона можа мець і доўгатэрміновыя негатыўныя наступствы.

Апошнія навіны