Французская база ў ААЭ трапіла пад удар іранскіх дронаў
- 2.03.2026, 5:48
У выніку атакі пашкоджана інфраструктура аб’екта.
Міністр абароны Францыі Катрын Вотрэн заявіла пра пашкоджанне ваенна-марской базы краіны ў Аб’яднаных Арабскіх Эміратах у выніку атакі дрона.
Пра гэта паведамляецца у яе допісе ў сацсетцы X.
Паводле яе слоў, у выніку ўдару быў пашкоджаны ангар французскай ваенна-марской базы, якая мяжуе з базай Эміратаў. Атака была накіраваная на порт Абу-Дабі.
«Ангар нашай ваенна-марской базы, якая мяжуе з базай Эміратаў, быў пашкоджаны падчас атакі дронаў, накіраванай на порт Абу-Дабі».
Вотрэн удакладніла, што ўдар не прыйшоўся непасрэдна па тэрыторыі, дзе размешчаны французскі кантынгент.
Міністр падкрэсліла, што шкода выключна матэрыяльная і нязначная. Пацярпелых сярод французскіх вайскоўцаў няма.
«Шкода толькі матэрыяльная і абмежаваная. Пацярпелых няма», — заявіла яна.
У ведамстве таксама адзначылі, што французскія падраздзяленні ў рэгіёне знаходзяцца ў стане максімальнай гатоўнасці з-за дынамічнай сітуацыі з бяспекай.
Французскія ваенныя базы размешчаныя ў Абу-Дабі на падставе двухбаковага пагаднення паміж Францыяй і Аб’яднанымі Арабскімі Эміратамі. У прыватнасці, база Ваенна-марскіх сіл абсталяваная ў порце Зайед.
Францыя падтрымлівае сталую вайсковую прысутнасць у рэгіёне Персідскага заліва ў межах абарончага партнёрства з Эміратамі.