BE RU EN

Еўропа рыхтуецца ўводзіць новыя купюры

  • 2.03.2026, 9:53

Што будзе са старымі?

Еўрапейскі цэнтральны банк (ЕЦБ) працягвае працэс рэдызайну еўрапейскай валюты, што пачаўся ў канцы 2021 года. Якімі будуць новыя еўра і калі іх чакаць?

Асноўная мэта рэформы — не толькі павысіць узровень абароны банкнот, але і зрабіць іх больш інклюзіўнымі і экалагічнымі.

У межах абнаўлення ЕЦБ пераглядае тэхналогіі вытворчасці, каб істотна знізіць вугляродны след ад наяўных грошай дзякуючы прымяненню новых матэрыялаў, піша Delfi.

Абапіраючыся на апытанні грамадзян краін еўразоны (у іх узялі ўдзел больш за 365 тысяч чалавек) і рэкамендацыі незалежных экспертаў, Кіраўнічы савет ЕЦБ звузіў выбар да двух фінальных тэматычных канцэпцый: «Еўрапейская культура» і «Ракі і птушкі».

Канцэпцыя «Еўрапейская культура» заклікана падкрэсліць агульную гістарычную і творчую прастору, якая аб’ядноўвае жыхароў ЕС. Матывы гэтых банкнот будуць прысвечаныя выбітным асобам і культурным з’явам:

€5, €10 і €20: прысвечаныя выканаўчаму мастацтву, музыцы і навуцы. На іх плануюць размясціць выявы спявачкі Марыі Калас, кампазітара Людвіга ван Бетховена і вучонай Марыі Складоўскай-Кюры.

€50, €100 і €200: адлюстроўваюць важнасць літаратуры, выяўленчага мастацтва і грамадзянскай супольнасці. На купюрах з’явяцца Мігель дэ Сервантэс, Леанарда да Вінчы і Берта фон Зутнер на фоне бібліятэк, музеяў і грамадскіх плошчаў.

Тэма «Ракі і птушкі» сімвалізуе свабоду, адзінства і важнасць аховы навакольнага асяроддзя, якое не ведае дзяржаўных межаў:

На аверсе будуць паказаныя розныя вадаёмы (ад горнага ручая на купюры ў 5 еўра да акіянічных хваль на 200 еўра) у спалучэнні з характэрнымі птушкамі, такімі як зімародак, шчурка-пчалаед або белы бусел.

На рэверсе змесцяцца візуальныя адсылкі да ключавых інстытутаў Еўразвязу (Еўрапарламент, Еўрапейскі суд, ЕЦБ і інш.) як напамін аб фундаментальных каштоўнасцях ЕС.

Калі чакаць новыя купюры?

У сярэдзіне ліпеня 2025 года ЕЦБ запусціў закрыты конкурс сярод графічных дызайнераў ЕС. На гэты момант этап падачы заявак завершаны. Экспертная камісія адбярэ да 40 спецыялістаў, якім давядзецца распрацаваць свае дызайн-праекты да канца сакавіка 2026 года. Незалежнае журы адабярэ да 10 найлепшых прац (па пяць на кожную тэму).

Вынікі конкурсу падвядуць у чэрвені 2026 года, пасля чаго ЕЦБ правядзе яшчэ адзін раўнд грамадскіх апытанняў, каб пачуць меркаванне еўрапейцаў пра праекты-фіналісты. Канчатковы дызайн будучых банкнот плануецца зацвердзіць да канца 2026 года.

Праўда, у ЕЦБ падкрэсліваюць: дакладнай даты ўвядзення новых грошай у абарачэнне пакуль няма. Пасля зацвярджэння дызайну спатрэбіцца яшчэ некалькі гадоў для арганізацыі вытворчасці купюр, таму абноўленыя еўра трапяць у кашалькі грамадзян не адразу.

Яны будуць знаходзіцца ў абарачэнні паралельна з банкнотамі першай і другой серый, якія выкарыстоўваюцца цяпер, ніякіх абмежаванняў на выкарыстанне еўра старога ўзору не будзе.

Апошнія навіны