BE RU EN

Беларусы ўсё больш грошай трацяць на ежу

  • 2.03.2026, 18:37

Доля выдаткаў на прадукты набліжаецца да 40%.

Белстат падлічыў, што ў IV квартале 2025 года дамашнія гаспадаркі мелі штомесяц у сваім распараджэнні ў сярэднім 2946,2 рубля (у III квартале – 2915,6 рубля).

Доля насельніцтва з даходамі ніжэй за бюджэт пражыткавага мінімуму (496,96 рубля) скарацілася за квартал з 3,4% да 3,3%. За афіцыйнай мяжой беднасці жыве каля 300 000 беларусаў. Найбольшая доля малазабяспечанага насельніцтва – у Гомельскай і Магілёўскай абласцях: 4,9%.

У сярэднім дамашнія гаспадаркі штомесяц выдаткоўвалі 2836,5 рубля, з іх 1961,5 рубля (69,2%) – на спажыванне:

— на харчаванне – 37,5% (кварталам раней – 37,2%);

— на нехарчовыя тавары – 37% (было 35,9%);

— на паслугі – 23,3% (24,7%).

Для Беларусі такая доля выдаткаў на ежу – звычайная з’ява, сказала «Белсату» эканамістка даследчага цэнтра BEROC Анастасія Лузгіна. І гэта многа:

«Калі параўнаць з суседняй Польшчай, то там дамашнія гаспадаркі выдаткоўваюць на прадукты харчавання 18–20% ад агульных выдаткаў. Аднак у любым выпадку трэба разумець, што калі 40% даходаў ідзе на харчаванне, то гэта даволі многа».

Экспертка канстатавала, што на ежы моцна не зэканоміш, без харчавання ніяк не абысціся, і калі шмат грошай ідзе на прадукты, то людзі не могуць дазволіць сабе іншыя рэчы, напрыклад, адпачынак або самаразвіццё.

«Можна сказаць, што чым больш людзі трацяць на ежу, тым больш гэта сведчыць пра даходы ў цэлым – што даходаў недастаткова», – падсумавала Лузгіна.

Апошнія навіны