Эксперт: Наступныя 48 гадзін стануць вызначальнымі
- 2.03.2026, 20:25
Ізраіль і ЗША цалкам кантралююць іранскую паветраную прастору.
Сітуацыя ў Іране і вакол яго на дадзены момант. Не буду пераказваць пра маштаб удараў па іранскай інфраструктуры, самі можаце прачытаць. Адзначу толькі, што ізраільскія і амерыканскія паветраныя сілы цалкам кантралююць іранскую паветраную прастору і ў гэтым сэнсе вайна больш падобная да расстрэлу. Галоўная задача — поўная дэградацыя абарончага патэнцыялу Ірана, лічыць дырэктар украінскага Цэнтра блізкаўсходніх даследаванняў Ігар Семіволос.
Афіцыйныя каналы КСІР уначы распаўсюдзілі інфармацыю пра адмену фатвы Хаменеі аб забароне ядзернай зброі. Гэта расцэньваецца як апошні акт шантажу, які справакаваў кааліцыю на падрыхтоўку удараў па падземных аб’ектах у Фордо. Бяссэнсоўныя, на мой погляд, заявы, якія чарговы раз сведчаць пра далейшую фрагментацыю аператыўнага кіравання.
Назіраецца найглыбейшы канфлікт паміж рэгулярнай арміяй (Артэш) і Корпусам стражаў за апошнія 40 гадоў. Адразу адзначу, каб не закідалі гнілымі памідорамі: верыфікаваць гэта вельмі цяжка, але сігналы паступаюць (магчыма, як частка дэзінфармацыі), таму я пра іх распавяду.
Такім чынам, верыфікаваныя лакальныя сутычкі ў Тэгеране (раён урадавага квартала і штаба-кватэры «Валі-э-Аср»). Падраздзяленні Артэш, нібыта, адмовіліся перадаваць КСІР рэзервы СПА і ўдзельнічаць у падаўленні вулічных пратэстаў.
Паведамляецца пра дыстанцыяванне генералітэту Артэш ад «суіцыдальных» загадаў КСІР адносна атак на танкеры і базы ЗША. Армія пазіцыянуе сябе як «інстытут нацыянальнага выратавання» для паслярэвалюцыйнага перыяду. Паводле Інстытута вывучэння вайны (ISW), удары Ізраіля па штабах КСІР (Thar-Allah) значна падарвалі здольнасць «стражаў» кантраляваць сталіцу.
Пасля пацвярджэння смерці Рахбара пратэсты ўспыхнулі з новай сілай у Тэгеране, Ісфахане і Шыразе. Лозунгі — прамыя патрабаванні звяржэння Ісламскай рэспублікі.
Пацвярджаецца масавая этапіроўка палітычных зняволеных з турмаў «Эвін» і «Раджаі-Шахр». Іх перавозяць у стратэгічныя аб’екты (Нетэнз, штабы КСІР), каб выкарыстоўваць у якасці «жывых шчатоў». Гэта прымусіла кааліцыю карэктаваць графік удараў па цэнтры сталіцы.
Прынц Рэза Пехлеві афіцыйна заклікаў сілавікоў пераходзіць на бок народа, заявіўшы, што «рэжым дажывае апошнія гадзіны».
Добрая навіна: дзякуючы ўмяшанню Мохсена Рэзаі і ціску Кітая Армузскі праліў адкрыты да пачатку таргоў у панядзелак. Гэта збіла паніку на нафтавым рынку (Brent гандлюецца на ўзроўні $78–80).
ААЭ і Саудаўская Аравія паспяхова адбілі масіраваныя ракетныя атакі КСІР (True Promise IV). Пазіцыя арабскіх сталіц — поўная нейтралізацыя іранскай пагрозы. Тое, што Украіна згадваецца як важны элемент узмацнення супрацьпаветранай абароны краін Заліва, — добры знак. Своечасовая заява Уладзіміра Зяленскага пра гэта — нам плюс у карму.
Вялікабрытанія, Францыя і Германія выказалі падтрымку праву іранскага народа на дэмакратычны транзіт, што з’яўляецца дыпламатычным зялёным святлом для дзеянняў кааліцыі.
Адмова Масквы ўмяшацца ў канфлікт на баку Тэгерана была ўспрынята ў Пекіне і Пхеньяне як сігнал немачнасці РФ. Спробы Масквы наўпрост звязацца з Вашынгтонам з гэтай нагоды аказаліся безвыніковымі.
Пекін пераходзіць да прамога кіравання крызісам (кейс Армузскага праліва). Ці добра гэта, ці кепска — пакуль незразумела, але ажыятаж на рынках збілі.
Падсумуем: у Тэгеране дамінуе «двоеўладдзе» паміж паралізаваным Пераходным саветам і радыкальным крылом КСІР, якое гатовае да ядзернай эскалацыі. Наступныя 48 гадзін стануць вызначальнымі для фармалізацыі капітуляцыі рэжыму або наступнай эскалацыі — калі будзе чым.