Зяленскі патроліў прэм'ера Венгрыі
- 2.03.2026, 22:55
Прэзідэнт Украіны адказаў і на ўмовы Фіцо.
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі падчас прэс-канферэнцыі патроліў венгерскага прэм'ера Віктара Орбана з-за яго заяваў пра стан нафтаправода «Дружба».
«Са спадарожніка можна ўбачыць тэхнічныя рэзервуары. Там разарваны адзін вялікі рэзервуар. Гэта тое, што можна ўбачыць. Пульт не ўбачыш са спадарожніка. Магчыма, Орбан — маг, што ён пад зямлёй змог убачыць стан нафтаправода праз спадарожнікі. Я здзіўлены, але, тым не менш, усё бывае», — сказаў украінскі прэзідэнт.
Зяленскі таксама пракаментаваў патрабаванні Венгрыі і Славакіі адносна аднаўлення «Дружбы». Ён адзначыў, што цана такому аднаўленню — жыцці ўкраінцаў, бо расіяне пастаянна паўторна наносяць удары па энергааб'ектах.
«Хтосьці чуў ад Орбана ці ад Фіцо (прэм'ер Славакіі Роберт Фіцо, — рэд.), што мы вельмі ўдзячныя Украіне або вельмі шкада сем'яў, родных, блізкіх, якія пацярпелі? Ніводнага слова. Акрамя таго, што мы зноў ім абавязаныя», — адзначыў ён.
Прэзідэнт Украіны пацвердзіў, што Фіцо згадзіўся на асабістую сустрэчу і дадаў, што чакае славацкага прэм'ера ва Украіне.
«Наша каманда перадала даты для сустрэчы з 6 па 9 сакавіка — абірайце дату. Мы чулі медыйны фідбэк: «давайце сустракацца ў нейкай дзяржаве». У якой дзяржаве я павінен сустракацца з Фіцо? Дзе нафтаправод «Дружба»? Ва Украіне. Я яго запрасіў — ён пацвердзіў, што прыедзе, welcome!», — сказаў Зяленскі.