BE RU EN

Як вядомыя палітвязні выглядалі да і пасля вызвалення

  • 20.03.2026, 10:07

Некаторыя правялі больш за 2000 дзён за кратамі.

У Беларусі 19 сакавіка адбылося маштабнае вызваленне палітвязняў — заяўлялася пра памілаванне 250 чалавек, 15 з якіх выдварылі ў Літву. «Зеркало» паказала, як вонкава за час зняволення змяніліся некаторыя вядомыя асобы.

Эдуард Пальчыс

Эдуард Пальчыс доўгі час быў вядомы пад псеўданімам Джон Сільвер, пад якім вёў блог 1863x.com, што супрацьстаяў расійскай прапагандзе.

Яго некалькі разоў затрымлівалі ў Беларусі (за «распальванне варожасці» і «распаўсюджванне парнаграфіі») і Расіі (нібыта за нявыплату падаткаў). У 2016 годзе Мінскі гарадскі суд прыгаварыў блогера да 1 года 9 месяцаў хатняй «хіміі» і вызваліў у зале суда.

Пасля гэтага Пальчыс не пакінуў актывісцкай дзейнасці: ён удзельнічаў у мітынгу супраць будаўніцтва бізнес-цэнтра ў Курапатах, прапаноўваў змяніць назву ў мінскім барбершопе Chekist, збіраў у метро подпісы ў падтрымку беларускай мовы. За ўсё гэта яго каралі штрафамі.

Улетку 2020 года Пальчысу некалькі разоў заочна прызначылі суткі за ўдзел у пікеце. Восенню таго ж года яго затрымалі, а ў снежні 2021 года ён атрымаў 13 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Яго прызналі вінаватым паводле чатырох артыкулаў КК — за «распальванне варожасці», «арганізацыю масавых беспарадкаў», «грубае парушэнне грамадскага парадку» і «заклікі да санкцый».

Акрамя таго, суд абавязаў блогера выплаціць 575 тысяч рублёў на карысць УП «Минсктурист», КТУП «Минсктранс», ГПО «Горремавтодор Мингорисполкома», АКУП «Спецкоммунавтотранс» і ПКУП «Минскзеленстрой» — нібыта ён нанёс ім маёмасную шкоду сваімі дзеяннямі.

У зняволенні Пальчыс правёў 1999 дзён, згодна з dissidentby — з 27 верасня 2020 года.

Кацярына Бахвалава (Андрэева)

Кацярына Андрэева працавала журналісткай на тэлеканале «Белсат». Яе затрымалі ў лістападзе 2020 года падчас стрыму з «Плошчы Перамен», дзе сілавікі жорстка разганялі пратэстоўцаў. Суд прыгаварыў яе да двух гадоў пазбаўлення волі, аднак потым супраць яе ўзбудзілі новую крымінальную справу — аб здрадзе дзяржаве. Працэс быў закрытым. З улікам папярэдняга тэрміну яна атрымала 8 гадоў і 3 месяцы пазбаўлення волі. Адбывала пакаранне ў гомельскай ПК № 4.

Кацярына Андрэева правяла за кратамі 1950 дзён.

Мікіта Залатароў

Мікіту Залатарова затрымалі ў 2020-м, калі яму было 16 гадоў, нібыта за тое, што ён кінуў «кактэйль Молатава» ў бок ваеннаслужачых. Разам з Леанідам Кавалёвым і 25-гадовым Дзмітрыем Карнеевым яго абвінавацілі за падзеі 10 жніўня 2020 года паводле трох артыкулаў КК:

293 (Арганізацыя масавых беспарадкаў);

295−3 (Незаконныя дзеянні ў дачыненні да прадметаў, паражальнае дзеянне якіх заснавана на выкарыстанні гаручых рэчываў);

364 (Гвалт або пагроза прымянення гвалту ў дачыненні да супрацоўнікаў органаў унутраных спраў).

Яго прыгаварылі да пяці гадоў выхаваўчай калоніі. Хлопец хварэе на эпілепсію.

Рэпрэсіі закранулі і сям’ю Мікіты. Яго бацьку Міхаіла Лапунова неаднаразова арыштоўвалі паводле арт. 19.11 КаАП за «распаўсюджванне экстрэмісцкіх матэрыялаў», а ў 2023 годзе КДБ прызнаў «экстрэмісцкім фармаваннем» чат «Гомель за Мікіту Залатарова», за што яго адправілі ў калонію.

Малады чалавек правёў больш за 2000 дзён у зняволенні.

Валянцін Стэфановіч

Валянцін Стэфановіч — сябра рады праваабарончага цэнтра «Вясна», віцэ-прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі за правы чалавека (FIDH). Яго затрымалі 14 ліпеня 2021 года разам з Уладзімірам Лабковічам — юрыстам «Вясны» і каардынатарам кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары». Мужчынам прад’явілі абвінавачанні паводле арт. 228 КК Беларусі (Кантрабанда) і ч. 2 арт. 342 (Фінансаванне групавых дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак). Суд прыгаварыў Стэфановіча да дзевяці гадоў у калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Пазней МУС дадаў Валянціна ў «спіс экстрэмістаў».

Валянцін Стэфановіч правёў 1709 дзён за кратамі.

Нагадаем, 19 сакавіка паведамлялася, што на волю з калоніі павінны выйсці 250 палітвязняў. З іх 15 адправілі ў Літву, 235 засталіся ў Беларусі. Гэта адбылося пасля таго, як спецпасланнік прэзідэнта ЗША Дональда Трампа па Беларусі Джон Коул сустрэўся ў Мінску з Аляксандрам Лукашэнкам.

Пасля сустрэчы Коул абвясціў пра зняцце санкцый з «Белінвестбанка», Банка развіцця і Міністэрства фінансаў, а таксама пра выключэнне з санкцыйных спісаў «Беларуськалія» і Беларускай калійнай кампаніі.

Апошнія навіны