За беларускімі вадзіцелямі будуць асабліва пільна сачыць у адной сітуацыі
- 20.03.2026, 15:16
Сталі вядомыя планы ДАІ на бліжэйшыя чатыры дні.
ДАІ Беларусі абвясціла, што з пятніцы па панядзелак уключна ў краіне стартавала чарговае маштабнае «прафілактычнае мерапрыемства», у ходзе якога будзе выкарыстоўвацца ўвесь арсенал сродкаў і прыёмаў для выяўлення парушальнікаў на дарогах, піша «Тэлеграф».
Ідзе гаворка пра запуск дронаў, патруляванне экіпажамі «Страла», схаванае назіранне без распазнавальных знакаў на аўтамабілях і выкарыстанне відэакамер па ўсёй краіне з 20 па 23 сакавіка.
У першую чаргу Дзяржаўтаінспекцыя будзе назіраць за тымі, хто парушае правілы абгону і выезду на паласу сустрэчнага руху. «Па ўсёй краіне на найбольш аварыйна небяспечных участках дарог пройдуць рэйдавыя мерапрыемствы», — удакладнілі ў ДАІ.
У ведамстве паведамілі, што з пачатку 2026 года на дарогах Беларусі адбылося 47 ДТЗ з-за парушэнняў правілаў абгону і выезду на паласу сустрэчнага руху. Усяго ў іх загінулі 13 і атрымалі траўмы 66 чалавек.
Таксама з-за пачатку школьных вясновых канікулаў экіпажы ДПС ўзмоцняць кантроль за выкананнем правіл бяспечнай перавозкі дзяцей.