Якія ж яны баязлівыя
- 20.03.2026, 22:32
Лукашысты прызналі экстрэмісцкай кнігу Юрыя Фельштынскага «Беларусь Наталлі Радзінай».
Новая кніга амерыканскага пісьменніка Юрыя Фельштынскага «Беларусь Наталлі Радзінай: журналістка супраць дыктатара» прызнана ў Беларусі «экстрэмісцкай». Такое рашэнне 13 сакавіка прыняў суд Кастрычніцкага раёна Мінска.
Кніга «Беларусь Наталлі Радзінай: журналістка супраць дыктатара» — гэта гісторыя сучаснай Беларусі, апісаная праз жыццё адной асобы: беларускай журналісткі і палітыка Наталлі Радзінай, галоўнай рэдактаркі вядучага беларускага апазіцыйнага сайта «Хартыя’97» (Charter97.org).
Прачытайшы гэтую кнігу, чытач стане сведкам рэвалюцыйных падзей і пратэставага руху, што пачаліся ў Беларусі ў 1995 годзе і не згасаюць па сённяшні дзень, азнаёміцца з летапісам шматлікіх палітычных забойстваў, арганізаваных беларускімі спецслужбамі паводле ўказання дыктатара Лукашэнкі, разам з Радзінай паглыбіцца ў яе турэмныя будні, адчуе радасці яе вызвалення і складанасці ўнікальных уцёкаў ад КДБ з Беларусі, стане сведкам яскравых і незабыўных сустрэч з такімі вядомымі сучаснікамі, як Станіслаў Шушкевіч, Лех Валенса, Анджэй Вайда, Барыс Нямцоў, Леанід Неўзлін, Хілары Клінтан і іншымі.
Чытач убачыць, што Беларусь, хоць і была часткай Расійскай імперыі і СССР, з’яўляецца асобнай самабытнай краінай; што з сярэдніх вякоў Беларусь лічыла сябе часткай Еўропы і арыентавалася на Захад, а зусім не на Усход; што будучыня Беларусі, якая вызвалілася ад дыктатарскага рэжыму Лукашэнкі, — з Еўрасаюзам, а не з Расіяй, якая фактычна акупавала Беларусь, бяспека якой у канчатковым выніку можа быць забяспечана толькі сяброўствам у НАТА.
Але галоўная выснова, якую можа зрабіць чытач, у тым, што, нягледзячы на часовыя паразы і пралітую кроў, арышты і смяротныя пакаранні апошніх дзесяцігоддзяў, адсутнасць рэальнай дапамогі звонку, беларуская дэмакратыя жыве, а беларусы працягваюць змагацца за свабоду.
Кніга будзе цікавая не толькі гісторыкам, журналістам і палітолагам, што вывучаюць Беларусь, але і шырокаму колу чытачоў.
Кнігу «Беларусь Наталлі Радзінай» можна набыць:
Беларускае выданне — платформа выдавецтва «Янушкевіч» «Кнігаўка» і ў Варшаве ў кнігарні «Кнігаўка» па адрасе ul. Kłopotowskiego 4, 03-717.
Рускае выданне — сайт выдавецтва Amazon.
Украінскае выданне — Yakaboo.