BE RU EN

Лаяльныя да рэжыму Лукашэнкі эксперты прадказваюць вялізны дэфіцыт працоўных рук

  • 20.03.2026, 17:28

Патрэба Беларусі ў рабочай сіле ў 2026–2030 гадах перавысіць 300 тысяч чалавек.

Пры гэтым каля 17% дэфіцыту ўлады разлічваюць пакрыць за кошт прыцягнення працоўных мігрантаў. Пра гэта гаворыцца ў макраэканамічным аглядзе лаяльных да рэжыму Лукашэнкі экспертаў Еўразійскага банка развіцця (ЕАБР), паведамляе primepress.by.

Эксперты адзначаюць, што за апошнія дзесяць гадоў попыт на работнікаў у краіне стабільна рос: калі ў пачатку 2016 года налічвалася каля 28 тысяч вакансій, то да 2021 года іх стала ўжо 72 тысячы. Да канца 2025 года патрэба ў кадрах дасягнула 164 тысяч.

Паводле ацэнак ЕАБР, ціск на рынак працы ў найбліжэйшыя гады будзе толькі ўзмацняцца. Сярод прычын — пераразмеркаванне работнікаў з сельскай мясцовасці і прамысловасці ў сферу паслуг, што прыводзіць да дысбалансу паміж галінамі. Згодна з прагнозамі ўрада, агульны кадравы дэфіцыт у 2026–2030 гадах перавысіць 300 тысяч чалавек.

У гэтых умовах адным з ключавых інструментаў становіцца прыцягненне замежнай рабочай сілы. Дзяржпраграма «Збалансаваны рынак працы» прадугледжвае прыцягненне каля 50 тысяч мігрантаў за пяць гадоў, што дазволіць закрыць прыкладна 17% патрэбы ў кадрах.

Таксама ў аглядзе адзначаецца, што ў 2023–2025 гадах у Беларусі спрасцілі правілы найму замежных работнікаў. У прыватнасці, з ліпеня 2023 года асобныя катэгорыі замежнікаў, уключаючы выпускнікоў беларускіх ВНУ і сезонных работнікаў, могуць працаўладкоўвацца без спецыяльных дазволаў.

У выніку паток працоўных мігрантаў прыкметна вырас: калі ў 2021–2023 гадах штогод у краіну прыязджалі 11–14 тысяч работнікаў, то ў 2024 годзе іх колькасць павялічылася амаль да 34 тысяч. Такім чынам, міграцыя становіцца адным з ключавых спосабаў кампенсаваць недахоп рабочай сілы.

Апошнія навіны