Прызнаны загінулым баец ЗСУ прыйшоў на ўласную магілу
- 20.03.2026, 18:57
Назар Далецькі чатыры гады прабыў у расійскім палоне.
Украінскі вайсковец з Львоўшчыны Назар Далецькі пасля амаль чатырох гадоў расійскага палону вярнуўся дадому і ўжо ў першы дзень прыйшоў на ўласную магілу, піша выданне nta.ua.
Назара Далецькага вызвалілі падчас абмену ваеннапалоннымі 5 лютага. Тады ён даведаўся, што некалькі гадоў таму ягоныя родныя, аказваецца, пахавалі іншага чалавека, бо экспертыза ДНК памылкова паказала супадзенне. Афіцыйна ён лічыўся памерлым.
Прыехаўшы ў родную вёску Вялікі Дарашэў у Львоўскай вобласці, Далецькі наведаў могілкі, дзе знаходзіцца ягоная «магіла». Украінскі сцяг адтуль ужо прыбралі, а парэшткі невядомага салдата выкопалі для эксгумацыі. Назар адзначыў, што не кожнаму даводзіцца ўбачыць уласнае пахаванне і даведацца, хто па табе смуткаваў.
Яго маці даведалася пра вяртанне сына 5 лютага, калі ёй патэлефанавалі. Яна не змагла стрымаць эмоцый і сказала, што вельмі доўга чакала гэтага моманту.
Далецькі трапіў у палон у маі 2022 года падчас баёў на ўсходзе Украіны. У палоне яго білі, і ён моцна схуднеў. У той жа час украінская сістэма ідэнтыфікацыі загінулых перагружаная, таму здараюцца памылкі, у тым ліку з ДНК.
Гэта першы вядомы выпадак, калі салдата лічылі загінулым і нават пахавалі, але ён аказаўся жывым. Дзяржава прызнала памылку і не будзе патрабаваць вяртання выплачанай сям'і кампенсацыі.
Каб афіцыйна аднавіць статус Назара Далецькага, суд павінен прызнаць, што ён жывы.
Калі Далецькі вярнуўся ў вёску, яго сустракалі дзясяткі людзей. Некаторыя нават сумняваліся, ці сапраўды гэта ён. У сям'і жартуюць, што ў яго цяпер «дзве жыцці», а дзень яго вяртання будуць адзначаць як новы дзень нараджэння.
Сімвалічна, што пакой, дзе цяпер ён сядзіць сярод родзічаў і святкуе вяртанне, некалькі гадоў таму быў месцам, дзе падчас пахавання стаяла яго труна.