BE RU EN

Пуцін падарыў Кітаю яшчэ $2,2 мільярда

  • 20.03.2026, 19:36

За кошт зніжак на нафту.

Зніжкі на нафту, якія нафтавыя кампаніі былі вымушаныя даваць кітайскім НПЗ, зноў абярнуліся для іх мільярдамі долараў недаатрыманай выручкі.

Па выніках 2025 года сукупны аб’ём зніжак, прадастаўленых кітайскім НПЗ, у грашовым вымярэнні дасягнуў $2,2 млрд, падлічылі эксперты Інстытута Гайдара на падставе мытнай статыстыкі КНР, піша The Moscow Times.

Годам раней, паводле іх ацэнак, нафтавыя дысконты для Кітая абышліся нафтавай галіне ў $1,45 млрд, у 2023 годзе — у $3,85 млрд, а ў 2022-м — у $4,44 млрд. У суме за 4 гады паставак нафты на кітайскі рынак Пекін зэканоміў дзякуючы зніжкам амаль $12 млрд, альбо трыльён рублёў па бягучым курсе — сума, якая супастаўная з гадавым бюджэтам Маскоўскай вобласці (1,2 трлн рублёў) або пяццю гадавымі бюджэтамі такіх рэгіёнаў, як Варонежская ці Валгаградская вобласці.

Дысконт на расійскую нафту для Кітая летась ізноў істотна вырас, адзначаюць эксперты Інстытута Гайдара. Пасля ўзмацнення амерыканскіх санкцый і ўключэння ў «чорныя спісы» «Раснафты» і «Лукойла» сярэднія цэны на нафту з РФ у чацвёртым квартале былі на 8,3% ніжэйшыя, чым на нафту з іншых краін. Для параўнання: на пачатку года сярэднія дысконты складалі каля 3%, а ў 2024 годзе не перавышалі 5% увесь год.

У фізічным аб’ёме Кітай у 2025 годзе скараціў закупкі расійскай нафты на 8%, да 91,4 млн тон. Але з-за зніжак і падзення цэн даходы ад нафтавага экспарту ў КНР ўпалі на 20% — да $45,9 млрд. Пастаўкі нафтапрадуктаў на кітайскі рынак таксама скараціліся — на 40% па цяжкіх дыстылятах і на 17% па лёгкіх, да $3,1 млрд і $1,9 млрд адпаведна, вынікае з разлікаў Інстытута Гайдара.

Вайна ў Іране, што паралізавала Армузскі праліў — ключавую артэрыю сусветнага гандлю нафтай, — рэзка павялічыла попыт на расійскую нафту з боку кітайскіх НПЗ. Паводле Reuters, да закупак падключыліся найбуйнейшыя дзяржаўныя нафтавыя кампаніі КНР, якія трымалі паўзу з лістапада, калі ўступілі ў сілу амерыканскія санкцыі.

Цэны на расійскі гатунак Urals узляталі да $70 за барэль і вышэй, а гэта абяцае «прамы фінансавы эфект для бюджэту», адзначае Уладзімір Чарноў, аналітык Freedom Finance Global.

«Кожныя $10 росту цаны на нафту за барэль прыносяць бюджэту каля $1,6 млрд дадатковых даходаў у месяц. Бягучая цана Urals амаль на $40 вышэй за закладзеныя ў бюджэце $59, значыць, дадатковыя нафтагазавыя даходы могуць дасягаць прыблізна $6–6,5 млрд штомесяц», — ацэньвае Чарноў.

«Пры такім узроўні цэн патэнцыйна спатрэбіцца каля 8–10 месяцаў, каб кампенсаваць чаканы дэфіцыт федэральнага бюджэту парадку $50–60 млрд», — указвае эксперт.

Апошнія навіны