СМІ: Расійская СПА збіла грамадзянскі самалёт паблізу Масквы
- 20.03.2026, 21:37
(Абноўлена) Інцыдэнт хаваюць.
Расійская сістэма СПА, верагодна, збіла грамадзянскі лёгкаматорны самалёт. Ваенныя прынялі борт за ўкраінскі БПЛА і адкрылі агонь.
Пра гэта паведаміў расійскі тэлеграм-канал MNS, са спасылкай на інфармаваныя крыніцы. Ён таксама апублікаваў фота абломкаў. Інфармацыя патрабуе пацверджання, піша dialog.ua.
Пакуль падрабязнасцяў няшмат. Паводле даных крыніц, самалёт быў збіты ў горадзе Каломна, які знаходзіцца на паўднёвым усходзе ад Масквы прыкладна за 80 км.
- Сілы супрацьпаветранай абароны прынялі лятальны апарат за ўкраінскі БПЛА і адкрылі агонь па памылковай мэце. Пасля траплення лёгкаматорны самалёт страціў кіраванне і разбіўся паблізу ракі Акі. Абодва чалавекі, якія знаходзіліся на борце, загінулі, - напісаў расійскі рэсурс.
Мінабароны і мясцовыя ўлады замоўчваюць тое, што адбылося. Аднак вядома, што апошнія дні Масква падвяргаецца масіраванаму налёту беспілотнікаў, расійская СПА дзейнічае вельмі актыўна. Мэр Масквы Сяргей Сабянін 20 сакавіка паведаміў пра перахоп больш як 20 БПЛА на падлёце да расійскай сталіцы.