«Лукашэнку давялося саступіць, і гэта важны прэцэдэнт»
- 21.03.2026, 11:08
На дыктатара трэба ціснуць.
Палітычны аналітык «Радыё Свабода» Валерый Карбалевіч у размове з «Філінам» расказаў пра вызваленне 250 палітвязняў і перамоўны працэс паміж ЗША і Беларуссю.
— Мы бачым вызваленне рэкорднай колькасці людзей і, што вельмі важна, большасць з іх засталіся ў Беларусі. Гэта важная саступка з беларускага боку, бо дагэтуль Лукашэнка фактычна адмаўляў такую магчымасць, — сказаў Карбалевіч «Філіну». — Выступаючы на УНС у снежні, ён казаў, што гэта немагчыма — гэта была яго жорсткая ўмова.
— Тут можна казаць не толькі пра ціск з боку ЗША, але і пра рашэнне Міжнароднага крымінальнага суда пачаць расследаванне ў дачыненні да Беларусі.
Лукашэнку давялося саступіць, і гэта важны прэцэдэнт, які сведчыць, што на яго можна ціснуць. І ён будзе саступаць, калі будзе разумець, што лепш саступіць у невялікім, але выйграць у тым, што ён лічыць значна больш важным для сябе.
Мы можам сказаць, што візыты Коула набываюць пэўную сістэмнасць. Фактычна раз на тры месяцы ён з’яўляецца ў Беларусі. І ён паабяцаў, што да канца года павінны быць вызваленыя ўсе палітвязні.
— Як лічыце, гэта магчыма? І што ўзамен можа папрасіць рэжым?
— Цалкам магчыма. Гэта ж не праблема: вызваліць адных і набраць новых. Якія ўмовы? Нейкія вельмі спрыяльныя прапановы з другога боку.
Напрыклад, калі насамрэч адбудзецца візіт Лукашэнкі ў ЗША па запрашэнні Трампа, то, думаю, у якасці падарунка Лукашэнка цалкам мог бы прывезці вызваленне ўсіх палітвязняў, якія будуць на той момант.
— Ці можа атрымацца так, што памілаваным палітвязням, якія засталіся ў Беларусі, створаць такія ўмовы жыцця ў краіне, што іх усё адно прымусяць з’ехаць?
— Гэта цалкам магчыма. На гэта і намякаў Лукашэнка, калі на мінулым тыдні адказваў на пытанні журналістаў. Можна было прачытаць гэтую думку ў словах, маўляў, мы можам вызваліць, але закон аднолькавы для ўсіх і, калі яны парушаць закон, могуць зноў апынуцца за кратамі.
Таму не выключаю, што створаць такія ўмовы, што людзі самі захочуць выехаць за мяжу.
— Чаму дагэтуль не вызвалілі Анджэя Пачобута? Пры якіх умовах яго могуць выпусціць?
— Тут нейкае асабістае пытанне і асабістая праблема Лукашэнкі.
Паводле слоў Лукашэнкі, былі дамоўленасці, закулісныя перамовы. Маўляў, палякі не выканалі сваіх умоў, і Пачобут не выйшаў. Відаць, нейкія дамоўленасці сапраўды былі, але бакі ці то дрэнна зразумелі адзін аднаго, ці то не выканалі пагадненняў. Аднак Пачобут апынуўся крайнім.
Цяжка сказаць, у чым тут праблема. Раней казалі, што ён не хоча з’язджаць. Але, думаю, калі б улады хацелі яго вывезці, ніхто б не пытаўся, хоча ён ці не хоча, як і большасць іншых палітвязняў, якіх вывезлі. Тут нейкія псіхалагічныя моманты, завязаныя асабіста на ўяўленні Лукашэнкі.