У Беларусі абвясцілі аб пачатку «аграрнай аперацыі нацыянальнага значэння»
- 21.03.2026, 13:08
Перад гэтым 2026 год назвалі «кукурузным».
Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Беларусі (Мінсельгасхарч) паведаміла, што ў краіне пачалася «аграрная аперацыя нацыянальнага значэння». Так у ведамстве назвалі масавую сяўбу ранніх яравых збожжавых і зернебабовых культур, піша «Тэлеграф».
Мінсельгасхарч падзяліўся лічбамі: трэба засеяць 572,6 тыс. га.
«Паводле аператыўных даных на сённяшні дзень засеяна больш за 6% ад планавой плошчы, што складае больш за 37 тыс. га. Да сяўбы далучыліся ўсе рэгіёны краіны», — паведамілі ў Мінсельгасхарчы.
Напярэдадні міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Беларусі Юрый Горлаў пасля дакладу Аляксандру Лукашэнку абвясціў, што сёлета плануе экспартаваць з Беларусі харчовую прадукцыю на суму больш за 10 млрд долараў. Пры гэтым Горлаў абвясціў 2026 год «кукурузным».