BE RU EN

Выбухі ў Севастопалі і Сімферопалі: Крым падвергнуўся найбуйнейшай атацы дронаў

  • 21.03.2026, 13:48

Налёт цягнуўся чатыры гадзіны.

Пра атаку на акупаваны Крым Мінабароны РФ паведаміла надзвычай скупа і без якіх-кольвек падрабязнасцяў. Але агенты партызанскага руху «АТЕШ» паведамляюць, што атака дронаў цягнулася чатыры гадзіны і суправаджалася шматлікімі выбухамі, пра што расСМІ не згадвалі.

«Агенты «АТЕШ» у Крыме ўсю ноч вялі назіранне за найбуйнейшай атакай дронаў на Крым у ноч з 20 на 21 сакавіка», — гаворыцца ў паведамленні.

Паводле іх звестак, атака пачалася каля 23:00 і працягвалася да 02:45 — гэта амаль чатыры гадзіны бесперапынных хваль БПЛА.

Агенты партызанскага руху паведамляюць, што мноства выбухаў адбылося ў раёне Таўрыцкай ЦЭС у Сімферопальскім раёне — па ёй адпрацавала некалькі хваль.

«Агенты фіксавалі магутныя выбухі, зарэва і пажар на аб’екце. Наймацнейшыя выбухі было чуваць усходней ад Сімферопаля прыкладна ў 23:30–23:40», — адзначаюць партызаны.

Таксама былі зафіксаваныя пажары паўднёва-ўсходней ад Сімферопаля пасля поўначы.

Паралельна дроны дзейнічалі і над Севастопалем: выбухі было чуваць у раёне Балаклавы, верагоднай мэтай была Балаклаўская ЦЭС.

«Усе даныя пра паражэнні аператыўна перададзеныя Сілам абароны Украіны», — падсумавалі партызаны.

Пры гэтым Мінабароны РФ уключыла атаку дронаў па акупаваным Крыме ў агульную зводку, заявіўшы, што спачатку шэраг расійскіх рэгіёнаў і анексаваны паўвостраў атакавалі 66 дронаў, потым іх колькасць узрасла да 283, але ўсе яны нібыта «былі збітыя».

Ніякіх падрабязнасцяў не паведамлялася.

Але мясцовыя паблікі згадалі, што марскі пасажырскі транспарт прыпыніў рух.

Апошнія навіны