Да гэтага трэба быць гатовым
- Пётр Алешчук
- 21.03.2026, 16:22
Сапраўдная нервовая сістэма дзяржавы праходзіць пад вадой і пад зямлёй.
Мы прывыклі думаць пра бяспеку як пра межы, танкі і ракеты, але сапраўдная нервовая сістэма дзяржавы праходзіць пад вадой і пад зямлёй. Кабелі, падстанцыі, дыспетчарскія шчыты, рэзервовыя генератары, радыёрэлейныя вежы, сэрвэрныя пакоі. Менавіта туды накіраваныя дыверсіі.
Менавіта такія высновы можна зрабіць з нядаўніх заяў шведскай Службы бяспекі. У прыватнасці пра тое, што расійская разведка можа разглядаць дыверсіі супраць крытычна важнай інфраструктуры Швецыі. Усё гэта асабліва важна на фоне новай стратэгіі вайны, якую раней Расія «абкочвала» ў вайне супраць Украіны, а цяпер — ужо Іран (па расійскім прыкладзе) — працягвае гэта супраць краін Пэрсідскага заліва.
Проста адбываецца тэрарызм у выглядзе пастаянных атак крытычнай інфраструктуры. Жылыя дамы, энергетычныя аб’екты, лагістыка. Усё гэта можна атакаваць параўнальна таннымі дронамі, ладзіць дыверсіі або любыя іншыя падобныя дзеянні. Мэта простая. Зрабіць жыццё грамадзян максімальна непрыемным, некамфортным, аказваць ціск на ўрады краін праз грамадзян.
18 сакавіка 2026 года падчас прэзентацыі штогадовай ацэнкі пагроз шведская Säpo (нацыянальная служба бяспекі) дала зразумець, што агульны ўзровень небяспекі будзе пагаршацца. І галоўным «драйверам» у гэтым напрамку Швецыя бачыць Расію.
Пры гэтым у дакладзе быў важны момант. І Säpo, і шведскія ўлады прызнаюць, што атрыбуцыя фізічнага сабатажу надзвычай складаная. Служба паведаміла, што правярала сотні падазроных выпадкаў, звязаных з крытычнай інфраструктурай (ад падводных кабеляў да электрападстанцый і аб’ектаў ачысткі вады), але на дадзены момант не змагла наўпрост прывязаць канкрэтныя эпізоды фізічнага сабатажу да замежнай дзяржавы.
Пры гэтым Швецыя ацэньвае, што Расія стаіць за шэрагам актаў сабатажу ў Еўропе, накіраваных на крытычную інфраструктуру, хоць Масква гэта адмаўляе.
І ў гэтым палягае галоўная пагроза. Бо гібрыдная вайна ўладкаваная як тэатр цянёў. Яе поспех вымяраецца не тым, ці ўдалося ўзарваць мост, а тым, ці ўдалося пасеяць пастаяннае адчуванне, што мост можа абрынуцца ў любую секунду. Чым больш грамадства жыве ў рэжыме «магчыма, гэта атака», тым больш энергіі сыходзіць на падазрэнні, палітычныя скандалы і ўзаемныя абвінавачанні, а не на рамонт, прафілактыку і халодны аналіз.
Менавіта таму пасля серыі пашкоджанняў кабеляў і іншых інцыдэнтаў вакол падводнай інфраструктуры саюзнікі пачалі дзейнічаць сістэмна. У студзені 2025 года НАТА абвясціла пра запуск місіі Baltic Sentry, каб узмацніць прысутнасць у Балтыйскім моры, пашырыць назіранне і павысіць здольнасць рэагаваць на дэстабілізуючыя дзеянні.
Узнікае натуральнае пытанне: калі так цяжка даказаць рукатворнасць канкрэтнага пашкоджання, то наколькі ўвогуле праўдападобны сцэнар дыверсій менавіта як палітыкі?
Праўдападобны менавіта таму, што ён дапускае мінімальныя высілкі пры максімальным эфекце. Сабатаж крытычнай інфраструктуры не абавязаны выглядаць як сцэна з кіно. Часам дастаткова некалькіх гадзін прастою, каб насельніцтва адчуло хісткасць звыклага свету. Часам дастаткова аднаго ўдала абранага аб’екта, каб палітычная дыскусія сарвалася ў крык «ўлада не кантралюе сітуацыю».
Матывы таксама не загадка. Для Расіі сэнс такіх аперацый не «зламаць Швецыю», а падарваць яе падтрымку Украіны, праверыць рэакцыю НАТА, прадэманстраваць здольнасць наносіць шкоду і пры гэтым заставацца ў зоне праўдападобнага адмаўлення.
Для еўрапейскай аўдыторыі гэта пра стомленасць і страх, для палітыкаў — пра «рост кошту рашэнняў», для бізнесу — пра «падаражанне бяспекі».
Стаўка на «інфраструктурную ўразлівасць» асабліва балючая для Швецыі як для краіны, дзе аснова грамадства — высокі ўзровень даверу да інстытутаў. У гэтым сэнсе любая дыверсія (ці нават серыя падазроных інцыдэнтаў без дакладнай атрыбуцыі) б’е не толькі па аб’екце, але і па грамадскім ладзе. Калі грамадзянін не разумее, чаму ў яго знік інтэрнэт або чаму ўлады не даюць «простых адказаў», ён лёгка становіцца здабычай знешняй прапаганды.
Сённяшняй Еўропе трэба прывыкнуць да думкі, што бяспека больш не з’яўляецца чымсьці нязменным. Насоўваецца новая вялікая гібрыдная пагроза з боку Расіі, і да гэтага трэба быць гатовым.
Пётр Алешчук, прафесар Кіеўскага нацыянальнага ўніверсітэта імя Тараса Шаўчэнкі, спецыяльна для сайта Charter97.org