У дзень, калі памілавалі палітзняволенага Дароніна, ягонай жонцы прысудзілі 8,5 года калоніі
- 21.03.2026, 17:27
За ўдзел у дваравым чаце.
У спіс памілаваных 19 сакавіка 2026 года трапіў Сяргей Даронін — не надта медыйная асоба, у базах палітзняволеных нават не было ягонай фотаздымкі.
Сяргею 51 год. Ён з Горак. Паводле сацсетак, быў звычайным рабочым, піша «Наша Ніва».
Дароніна затрымалі ў кастрычніку 2024‑га падчас аблавы на ўдзельнікаў дваравых і гарадскіх супольнасцяў. За гэта яму прысудзілі два з паловай гады зняволення — за «ўдзел у экстрэмісцкім фармаванні» (ч. 3 арт. 361‑1 Крымінальнага кодэкса).
Разам з Сяргеем затрымалі і жонку, 52‑гадовую Наталлю Дароніну. Яна родам з Санкт‑Пецярбурга, але большую частку жыцця пражыла ў Беларусі, у Горках. Раней яна мела статус індывідуальнага прадпрымальніка, гандлявала ў кіёску.
Наталлі прад’явілі абвінавачанні паводле цяжэйшых артыкулаў — удзел у экстрэмісцкім фармаванні (ч. 3 арт. 361‑1) і ўдзел у змове з мэтай захопу дзяржаўнай улады (ч. 1 арт. 357 КК).
19 сакавіка ў яе быў фінальны суд. Наталлі прысудзілі 8,5 года калоніі.